Чацвер, 22 Снежань 2016

КПЧ прызнаў абгрунтаванай скаргу віцебскага праваабаронцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Камітэт ААН па правох чалавека палічыў, што беларуская дзяржава забаронай на правядзеньне пікету парушыла правы Валера Місьнікава на распаўсюджваньне ўсялякага кшталту інфармацыі і ідэяў. Згодна з рашэньнем Камітэту, Беларусь павінна перагледзець сваё заканадаўства і выплаціць віцебскаму праваабаронцу кампэнсацыю.

Восеньню 2009 году Валер Місьнікаў зьвярнуўся ў Віцебскі гарвыканкам з заяўкай на арганізацыю пікету ў гонар юбілею Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Меркавалася, што на пікеце прагучаць праваабарончыя выступы і заклікі да дзяржавы забясьпечыць магчымасьць кожнаму грамадзяніну рэалізоўваць свае грамадзянскія і палітычныя правы. Валер Місьнікаў браў на сябе абавязак забясьпечыць аказаньне мэдычнай дапамогі і чысьціню ў месцы правядзеньня мерапрыемства. Таксама ён гарантаваў, што пікет ня стане прычынай парушэньня грамадзкага парадку і бясьпекі і перашкодай для руху пешаходаў.

Віцебскія ўлады адхілілі заяву Валера Місьнікава, паколькі месца для пікету, прапанаванае заяўнікам, не ўваходзіла ў лік тых, у якіх дазволена правядзеньне масавых мерапрыемстваў рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”. Таксама Валер Місьнікаў не прадставіў дамоваў зь міліцэйскай, мэдычнай і камунальнай службамі, якія пацьвердзілі б, што ў сувязі з правядзеньнем пікету будуць забясьпечаныя грамадзкі парадак, мэдычная дапамога і прыборка тэрыторыі.

Валер Місьнікаў не пагадзіўся з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму і абскардзіў яго ў судзе. Праваабаронца прайшоў усе інстанцыі, пачынаючы ад раённага і заканчваючы Вярхоўным судом. Але яго скаргу не задаволілі. Рашэньні ўсіх судоў спасылаліся на патрабаваньні рашэньня № 881, якое нібыта грунтуецца на Законе “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 сьнежня 1997 году.

Вычарпаўшы ўнутраныя сродкі прававой абароны, Валер Місьнікаў зьвярнуўся ў Камітэт ААН па правох чалавека са скаргай аб тым, што забаронай на правядзеньне пікету і публічнае выказваньне свайго меркаваньня Беларусь парушыла яго правы.

Разгледзеўшы довады скаржніка і пярэчаньні афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, на думку якіх зварот Валера Місьнікава зьяўляецца непрымальным, бо ён, апроч іншага, не падаў наглядную скаргу ў пракуратуру, Камітэт прыйшоў да высновы, што парушэньне правоў чалавека сапраўды мела месца. Згодна з рашэньнем КПЧ, беларускія ўлады парушылі права Валера Місьнікава распаўсюджваць інфармацыю і ідэі (у адпаведнасьці з пунктам 2 артыкулу 19 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох).

Паводле пункту 3 артыкулу 19 таго ж дакумэнту, дапускаюцца некаторыя абмежаваньні, якія павінны строга адпавядаць крытэрам неабходнасьці і сувымернасьці. На думку Камітэту, патрабаваньне віцебскіх мясцовых уладаў праводзіць пікеты толькі ў вызначаных месцах і заключаць дамовы зь некалькімі дзяржаўнымі ўстановамі названым крытэрам не адпавядае, хоць і грунтуецца на нацыянальным заканадаўстве.

Паводле рашэньня Камітэту ААН па правох чалавека, беларуская дзяржава абавязаная забясьпечыць Валеру Місьнікаву эфэктыўныя сродкі прававой абароны і выплаціць яму належную кампэнсацыю. Таксама дзеля папярэджаньня падобных парушэньняў у будучыні Беларусі прапанавана перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасьці рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881 і Закон “Аб масавых мерапрыемствах” ад 30 сьнежня 1997 года.

Кацярына Загорская