Валер Шаўчэнка і Антон Ясіновіч зьвярнуліся ў камітэт пасьля таго, як былі пакараныя судом паводле артыкулу 9.10 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, аб адклiканьнi дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян).
У 2007 годзе яны ладзілі шэраг пікетаў, дазволеных уладамі, выказваючы пратэст супраць адмены льготаў і інфармуючы грамадзян аб наступствах прыняцьця адпаведнага закону. Падчас акцыі пікетоўцы прасілі жыхароў гораду даць ацэнку дзеяньням дэпутатаў парлямэнту ад Наваполацку, што прагаласавалі за закон. Жыхары ахвотна падпісваліся пад зваротам: «Мы пратэстуем супраць адмены льготаў і выступаем за адкліканьне дэпутатаў парлямэнту ад Наваполацку, якія прагаласавалі за антынародны закон». Было сабрана 3 тысячы подпісаў, якія актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта і ў мясцовыя ворганы ўлады.
Улады ніяк не адрэагавалі на калектыўны зварот грамадзян. Затое на актывістаў, якія зьбіралі подпісы, завялі адміністрацыйную справу: яны нібыта ня выканалі працэдуры, неабходныя для адкліканьня дэпутатаў. Наваполацкі гарадзкі суд прызнаў іх вінаватымі, Віцебскі абласны і Вярхоўны суд, у якія накіроўваліся скаргі на рашэньне суду першай інстанцыі, пакінулі гэтае рашэньне ў сіле.
Цяпер кропкі над «і» расставіў Камітэт па правох чалавека. На думку экспэртаў камітэту, беларускія суды пакаралі Шаўчэнку і Ясіновіча ў парушэньне часткі 2 артыкулу 19 міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох («Кожны чалавек мае права на свабоду выказваньня; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю ды ідэі, не зважаючы на дзяржаўныя межы, як вусна, гэтак і на пісьме ці ў друку…»).
Беларусь, якая ратыфікавала пакт, узяла на на сябе забавязаньне выконваць палажэньні гэтага міжнароднага прававога дакумэнту. Таму цяпер улады павінны выплаціць актывістам кампэнсацыю панесеных імі страт. Хаця ці зробяць яны гэта – застаецца пад пытаньнем: апошнім часам беларускія ўлады, нягледзячы на міжнародныя забавязаньні краіны, ігнаруюць усе рашэньні КПЧ.