Чацвер, 19 Верасень 2013

Лекар Ігар Пастноў на волі, але «лячэньне» будзе працягвацца (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Віцебскі лекар Ігар Пастноў сёньня выйшаў на свабоду. Урачэбна-кансультацыйная камісія Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, у якiм Ігар Пастноў утрымліваўся гвалтоўна, прыняла рашэньне аб пераводзе яго на дзённы стацыянар. Ён па-ранейшаму мусіць праходзіць мэдычныя працэдуры, але начаваць будзе дома.

Сам Ігар Пастноў называе сваё вызваленьне ўмоўным, бо рашэньне суду аб прымусовым лячэньні не адмененае, і лячэньне, цяпер ва ўмовах дзённага стацыянару, будзе працягвацца. У інтэрвію, дадзеным па вызваленьні, Ігар Пастноў выказаў падзяку ўсім, хто змагаўся за яго вызваленьне: праваабаронцам, палітыкам, журналістам і проста неабыякавым людзям.

Ігар Пастноў вядомы сваёй крытыкай мясцовых уладаў на чале са старшынём Віцебскага аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам. У сваіх відэазваротах, разьмешчаных у інтэрнэце, ён распавядаў пра жалю варты стан мэдыцыны ў рэгіёне і выкрываў карупцыю. На думку многіх, менавіта за свае публічныя выказваньні Пастноў і паплаціўся.

16 жніўня з санкцыі пракурора лекара гвалтоўна зьмясьцілі ў закрытае аддзяленьне псыхлякарні, у якой ён працаваў. 21 жніўня судзьдзя суду Віцебскага раёну Тацьцяна Дзегцярова вынесла пастанову аб прымусовым псыхіятрычным лячэньні доктара Пастнова. На судовым паседжаньні ні сам доктар, ні яго прадстаўнікі не прысутнічалі. Праз дапамогу праваабаронцаў Ігар Пастноў змог абскардзіць рашэньне суду першай інстанцыі. 12 верасьня Віцебскім абласным судом яго касацыйная скарга была пакінутая без задавальненьня.

Зьмяшчэньне лекара ў вар’ятню выклікала вялікі розгалас у грамадзтве. З патрабаваньнямі вызваленьня Пастнова выступілі актывісты грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцы. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала правесьці незалежную псыхіятрычную экспэртызу стану доктара і заявіла пра сваю гатоўнасьць прызнаць яго вязьнем сумленьня.