Копіі сваіх лістоў, дасланых начальнікам КДБ па Віцебскай вобласьці і СІЗА №2 Віцебску,  старшыня абласной рады партыі БНФ Кастусь Смолікаў разьмясьціў у Фэйсбуку. Як патлумачыў актывіст карэспандэнту ВВ, зьвярнуцца ў гэтыя ўстановы вырашыла грамадзкая ініцыятыва «Хайсы» (сябрам якой ён таксама зьяўляецца), але было прызнана, што лепш, калі калі ліст будзе ад імя лідэра БНФ, зарэгістраванай арганізацыі.

Кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў зьвярнуўся са скаргай ў Вярхоўны суд на рашэньне Віцебскага раённага суду, які абвінаваціў яго ў самавольным пахаваньні чалавечых парэшткаў у месцы, не прадугледжаным для такіх мэтаў заканадаўствам (арт. 23.43 КаАП). Гэта апошняя судовая інстанцыя, якая можа вызначыць невінаватасьць актывіста ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня.

Чарговая валянтэрская экспэдыцыя, што складаецца зь дзесяцярых грамадзян Расеі, праходзіць у Бешанковічах. Разам з расейцамі ўжо чацьверты сэзон запар працуе і вядомы бешанковіцкі краязнаўца Станіслаў Леаненка. На цяперашні момант валянтэрамі ачышчана ўжо недзе чатыры пятых усёй плошчы могілак.

22 чэрвеня сябры грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» і мясцовыя жыхары на вясковых могілках ля вёскі Бараўляны Віцебскага раёну ўсталявалі мэталёвы крыж у памяць ваеннапалонных лягеру «Учдор – 756», пахаваных непадалёку. Крыж асьвяціў душпастыр віцебскіх грэка-каталікоў протапрэзьбітар Зьміцер Грышан.

Адзінае афіцыйна прызнанае месца масавых расстрэлаў у 1930-я гады пад Воршай — урочышча Кабыляцкая гара. Але сваякі рэпрэсаваных сьцьвярджаюць, што ім вядомыя і іншыя месцы загубы бязьвінных грамадзян, арыштаваных і кінутых у турмы. У гэтых мясьцінах родныя прапануюць паставіць памятныя знакі. Пра гэта яны пішуць у лістах у райвыканкам.