Пасьля масавых зваротаў да гарадзкіх уладаў, складаньня інтэрнэт-пэтыцыяў і скаргаў у розныя інстанцыі просьба аматараў актыўнага правядзеньня часу была задаволеная: у зоне адпачынку на набярэжнай Віцьбы больш не прадаюць моцных сьпіртовых напояў.

Віцебская абласная рада грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” зьвярнулася да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча і кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна.

Віцебскі “лекар-праўдалюб” лічыць, што кепскія бытавыя ўмовы ў гарадзкіх шпіталёх зьневажаюць людзей. Асабліва з улікам таго, што “доўгабуды” і зацягнутыя на дзесяцігодзьдзі рамонты фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту, а па вялікім рахунку – за кошт падаткаў тых самых пацыентаў. Таму ён прапануе зьбіраць падобныя фотадоказы і рабіць іх здабыткам галоснасьці.

Напярэдадні 90-х угодкаў Васіля Быкава створаная ініцыятыўная група па зборы сродкаў на помнік пісьменьніку ў Віцебску. З прапановай усталяваць помнік выступілі шараговыя месьцічы. Ініцыятыўная група зьвяртаецца да жыхароў Віцебшчыны і ўсёй Беларусі, а таксама да грамадзян іншых краін з просьбай узяць удзел у гэтай дабрачыннай акцыі.

Пастаянна дзеючы кансультацыйны орган зь ліку тых прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, што балятаваліся ў мясцовыя органы ўлады на мінулых выбарах, мяркуецца стварыць у Воршы. Пра гэта паведаміў Алесь Шутаў (на фота), сябра партыі БНФ і ўдзельнік кампаніі «Гавары праўду». «Рада народных прадстаўнікоў» – гэткую папярэднюю назву мае ствараны орган.