Чацвер, 28 Жнівень 2014

Віцебскія актывісты ствараюць новую сацыяльна-прававую арганізацыю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Ільінец Аляксандар Ільінец

Аўтар ідэі, сябра партыі БНФ Аляксандар Ільінец, зьбірае дакумэнты для рэгістрацыі аб’яднаньня “Прамэтэй”. Устаноўчы сход арганізацыі аднадумцы ўжо правялі і цяпер вызначаюцца з канкрэтнымі накірункамі працы.

Паводле Аляксандра Ільінца, арганізацыя аб’яднае жыхароў Віцебску, якіх турбуюць дзьве праблемы: “Адна праблема – сацыяльная. Мы хочам палепшыць жыцьцё, выкарыстоўваючы гарантаваныя Канстытуцыяй правы. Прыкладам, права на годнае жыцьцё. У гэтым рэчышчы праца ўжо распачалася: яшчэ год таму мы заняліся абсталяваньнем дзіцячай пляцоўкі сіламі жыхароў аднаго канкрэтнага двара. І ў нас атрымалася прыцягнуць да гэтай справы нават дзяржаўныя структуры. Вынік быў станоўчы: дзіцячая пляцоўка на вуліцы Чкалава зьявілася. Цяпер мы хочам падвышаць інфармаванасьць насельніцтва ў прававой сфэры. У тым ліку ў галіне працоўнага права. Бо неаднаразова даводзіцца сутыкацца з парушэньнямі правоў на прадпрыемствах, з падманам і грубым стаўленьнем з боку наймальнікаў і гэтак далей”.

Аляксандар Ільінец завочна навучаецца на юрыдычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На сёньняшні дзень ён беспрацоўны: яго звольнілі з пасады майстра ў брыгадзе цэху ўласнай вытворчасьці крамы №139 гандлёвай сеткі “Веста”. Здарылася гэта якраз пасьля гісторыі з добраўпарадкаваньнем дзіцячай пляцоўкі. Пасьля гэтага ўладкавацца на іншую працу не ўдаецца. Паўсюль адмаўляюць, кажа Аляксандар:

“Імаверна, спраўджваюць нейкія асабістыя зьвесткі, і як толькі даведваюцца, што я “апазыцыянэр” – адмаўляюць, на якую пасаду я ні прэтэндаваў бы. Сутыкненьні з такога кшталту дыскрымінацыяй, а таксама зь іншымі праявамі парушэньняў правоў і прывялі мяне да думкі пра неабходнасьць стварэньня сацыяльна-прававой арганізацыі”.

Аляксандр Ільінец лічыць, што самае неабходнае – гэта пашырэньне інфармаванасьці насельніцтва ў прававых пытаньнях. Таму ў плянах “Прамэтэя” – рэгістрацыя арганізацыі і дапамога тым, чые правы парушаюцца, а таксама правядзеньне сустрэч і распаўсюд адукацыйных матэрыялаў.

spring96.org