Панядзелак, 30 Кастрычнік 2023

Грамадскае аб’яднанне “Рускі дом” працягвае сваю дзейнасць на Віцебшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Паводле справаздачы аб’яднання, яно налічвае 17 чалавек і правяло ў 2021 годзе 49 мерапрыемстваў.  Арганізацыя паведамляе, што кіруючы орган - Дума грамадскага аб’яднання “Рускі дом” знаходзіцца ў Віцебску, і пра тое што не мае грашовых паступленняў ад замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацый.

Пры прывядзенні імпрэзаў гэтая арганізацыя ставіла перад сабой наступныя мэты: захаванне праваслаўных традыцый, знаёмства з навінкамі расійскага кінаматографа, расповяд пра новыя кнігі і расійскіх сучаснікаў, развіццё партнёрскіх сувязяў з ФНКА “Беларусы Расіі”, захаванне памяці пра так званы нацыянальны доўг у Афганістане, абмеркаванне важнасці нядаўна ўведзенага ў Беларусі так званага Дня адзінства беларускага народа, якое ўлады пачалі адзначаць 17 верасня. Захаванне прэстыжу вайсковай службы, нават падтрымка расійска-беларускага праекта па будаўніцтве АЭС ды іншыя.

Цікава тое, што кіраўнік гэтай арганізацыі Андрэй Герашчанка не грэбуе нават браць удзел у перадачах вядомага беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка пад назвай “Тайныя спрунжыны палітыкі”.

21 студзеня 2021 года “Рускі дом” арганізоўваў калектыўны прагляд спектакля “Хто смяецца апошнім”, мэтай ставіў захаванне беларускіх традыцый і мовы. Узаемадзеяння ў гэтым накірунку з уладамі ў іх не было.

А вось далучэнне да культурнай праграмы “Славянскага базара” ў іх адбываецца шляхам наведвання канцэрта “ТВ-шансон”.

Згодна справаздачы, віцебскія ўлады на малебны, круглыя сталы на рэлігійную тэматыку не ходзяць, а вось канцэрты, канферэнцыі ды фуршэты з удзелам “Рускага дома” наведваюць.

Таксама кіраўнік грамадскага аб’яднання “Рускі дом” Андрэй Герашчанка наведвае школы, гімназіі Віцебска, робіць ім падарункі літаратуры, супрацоўнічае з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі.

Прадстаўнікі “Рускага дома” час ад часу наведваюць пасольства Расіі ў Беларусі і сустракаюцца з пасламі Расіі ў Беларусі з рабочымі візітамі. Таксама іх запрашаюць на ўрачыстыя прыёмы. Напрыклад, 25 сакавіка 2021 года яны наведвалі Пасольства Расіі ў Беларусі з нагоды завяршэння працы Дзмітрыя Мезенцава ў якасці пасла Расіі ў Беларусі.

Віцебскі “Рускі дом” падтрымлівае і наладжвае сувязі і з рускімі, якія жывуць не толькі ў рэгіёнах Расіі, але і ў  замежжы.

Пры гэтым у справаздачы грамадскае аб’яднанне “Рускі дом” адзначае, што быццам членскія ўнёскі не збірае, штатных работнікаў не мае, усе згаданыя  ды іншыя мерапрыемствы праводзіць на грамадскіх пачатках і бязвыплатнай аснове. Уласнага рахунку не мае ў сувязі з адсутнасцю такой неабходнасці і фінансавай дзейнасці як такой.

Аб’яднанне справаздачыцца, што і паступлення грашовых сродкаў, добраахвотных ахвяраванняў, прыбыткаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, паступленняў ад замежных дзяржаваў (арганізацый) і міжнародных арганізацый не мае.

Анатоль Самсонаў