Чацвер, 30 Красавік 2015

Грамадзкія актывісты патрабуюць ад пракуратуры распачаць крымінальную справу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Актывісты Віцебшчыны Ян Дзяржаўцаў, Леанід Аўтухоў, Кастусь Смолікаў, Барыс Хамайда патрабуюць ад пракуратуры Віцебскай вобласьці ўзбуджэньня крымінальнай справы, правядзеньня ўсіх неабходных сьледчых экспэрымэнтаў і эксгумацыі чалавечых парэшткаў, знойдзеных імі 28 красавіка ў лясным масіве недалёка ад вёскі Хайсы.

Як ужо паведамлялася раней, 28 красавіка група грамадзкіх актывістаў падчас чарговага наведваньня ляснога масіву паблізу вёскі Хайсы Віцебскага раёну ў адной з ямінаў натрапіла на складзеныя невядомымі ў адну кучу чалавечыя косткі, прыхаваныя яловым гальлём. Побач знаходзіліся часткі абутку, пашытага на савецкіх фабрыках і датаваных 1936-1937 гадамі.

Паводле сьведчаньняў старажылаў вёсак Хайсы і Дрыкольле, у лясным масіве падчас сталінскіх рэпрэсіяў расстрэльвалі беларускіх грамадзян. Занепакоеныя  фактам вандалізму і свавольства з боку нявысьветленых асоб, вышэйпамянёныя спадары зьвярнуліся ў пракуратуру Віцебскай вобласьці.

У сваім звароце актывісты паведамляюць пра занепакоенасьць грамадзкасьці і той розгалас, што быў выкліканы з нагоды апублікаваных у СМІ матэрыялаў пра чарговую жахлівую знаходку.

Далей ў заяве гаворыцца: «…З мэтай поўнага, аб’ектыўнага і ўсебаковага дасьледаваньня прычын сьмерці, высьвятленьня маштабу расстрэлаў і колькасьці забітых грамадзян, устанаўленьня даты забойстваў людзей, а таксама асоб, якія маюць дачыненьне да масавых забойстваў, просім распачаць крымінальную справу і зрабіць дадатковыя неадкладныя сьледчыя мерапрыемствы».

Віцебская вясна