Чацвер, 06 Кастрычнік 2022

Недзяржаўныя грамадскія структуры ліквідуюцца, дзяржаўныя – ствараюцца

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Наваполацку абвясцілі пра тое, што пры мясцовым гарсавеце будзе працаваць моладзевае аб’яднанне. На апошняй сесіі гарсавета было агучана, што стварэнне новага аб’яднання ўжо ідзе: на сённяшні дзень сабрана каля 30-ці заявак на ўдзел ад прадстаўнікоў БРСМ, работнікаў прадпрыемстваў і ўстановаў гораду. Трапіць у лік моладзевага органа будзе няпроста: удзельнікаў будзе ўсяго 30, і кожная кандыдатура будзе ўзгадняцца з Наваполацкім гарсаветам.

Новае ўтварэнне прэзентуюць як грамадскую структуру, дзейнасць якой будзе накіравана «на садзеянне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыцы, прыцягненне маладых спецыялістаў да працэсаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, далучэнне да магчымасцяў удзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі гарадскіх мерапрыемстваў і абмеркавання ўсіх пытанняў жыццезабеспячэння Наваполацка». Усе гэтыя задачы будуць вырашаць маладыя людзі ад 18 да 31 году, і новае моладзевае аб’яднанне стане «кансультатыўным органам» пра Наваполацкім гарсавеце.

Дэпутаты падкрэсліваюць, што ініцыятыва Наваполацка – першая падобная ў вобласці. Але найверагодней, што неўзабаве падобныя структуры паўстануць па ўсёй краіне. І справа не толькі ў тым, што ўлады мусяць імітаваць дэмакратычныя працэсы – ствараць новыя грамадскія аб’яднанні пасля таго, як тысячы недзяржаўных структур былі гвалтоўна зачыненыя пасля жніўня 2020-го году. Памкненне стварыць падкантрольныя мясцовым уладам моладзевыя органы тлумачыцца яшчэ і фінансавым чыннікам.

Аляксандр Лукашэнка ўнёс змены ў закон «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі», якія прадугледжваюць падтрымку моладзевых ініцыятыў бюджэтнымі сродкамі. Так што ва ўладаў з’яўляецца дадатковая магчымасць атрымаць фінансаванне, калі абвясціць патрэбную мэту ініцыятывай моладзі.

Станіслаў Іваноўскі