«Прайшоў год, як Вы перадалі мне праз кіраўніка справамі просьбу сфармаваць групу з 15-ці грамадзянскіх актывістаў для сустрэчы з кіроўным складам Віцебскай вобласці. І такая сустрэча адбылася. Вы прызналі, што такія сустрэчы неабходна праводзіць на рэгулярнай аснове», – нагадаў кіраўніку Віцебскай вобласці ў сваім звароце Павел Левінаў.
Аднак абяцанне, дадзенае грамадзянскім актывістам 17 жніўня, улады не выканалі. Па заканчэнні году, пасля пратэставых падзей у Віцебску, Павел Левінаў прапанаваў правесці аналагічную сустрэчу, на якую запрасіць у тым ліку старшыню Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева і старшыню Віцебскага абласнога суду Аляксандра Федзюкевіча.
Праваабаронцу не адказаў кіраўнік вобласці, але, па ягоным даручэнні, адказала начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Віцебскага аблвыканкаму Марына Навіцкая. Яна паведаміла статыстычныя дадзеныя аб тым, што старшынямі Віцебскага аблвыканкаму і Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў праводзяцца на пастаяннай і сістэмнай аснове сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці. Аказваецца, ад верасня 2020 году па жнівень 2021 году было праведзена 12 «адзіных дзён інфармавання», 439 «сустрэч у працоўных калектывах» і «па месцы жыхарства». Маўляў, органы дзяржаўнай улады сустракаліся з палітычнымі партыямі і грамадскімі аб'яднаннямі на пасяджэннях чатырох каардынацыйных саветаў.
Аднавіць жа у ранейшым фармаце дыскусію з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці аб выхадзе з сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу ўлады адмовіліся.
У адказе Навіцкая адно патлумачыла праваабаронцу Паўлу Левінаву, як ён можа запісацца на асабісты прыём да службовых асобаў аблвыканкаму. А таксама папракнула яго ў тым, што ён пісьмова не пацвердзіў паўнамоцтвы на прадстаўленне інтарэсаў асобаў, якія гатовыя ўзяць удзел у дыялогу з кіраўніцтвам вобласці.
Віталь Кажух