Удзельнікамі праграмы сталі ініцыятыўныя групы з гарадоў і мястэчак Беларусі – зь Менску, Гомлю, Слуцку, Зэльвы, Смургоні і Віцебску. Апошні, дарэчы, ужо афіцыйна атрымаў статус гораду-навучэнца, у Віцебску плянуюць працягваць працу ў гэтым накірунку.
На конкурс міні-праектаў “Разьвіцьцё адукацыі дарослых у Рэспубліцы Беларусь” было пададзена 92 заяўкі, і 25 зь іх – на лот №1 “Навучэнец горад Віцебск”, 45 – на лот №2 “Разьвіцьцё цэнтраў адукацыі дарослых”, 22 – на лот № 3 “Доступ да адукацыі ў пэнітэнцыярнай сыстэме і навучаньне для сацыяльнай адаптацыі асобаў, якія вызваліліся з установаў папраўчай сыстэмы”.
Сярод тых, хто выйграў грант, апынуліся дзьве віцебскія арганізацыі.
Так, пераможцамі лоту “Навучэнец горад Віцебск” сталі міні-праекты “Эканоміка ведаў» Віцебскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі і “Другое жыцьцё” – ад віцебскай арганізацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў”.
У межах праекту “Эканоміка ведаў” будуць распрацаваныя адукацыйныя праграмы розных накірункаў, дзякуючы якім навучаньне атрымаюць больш за 50 адмыслоўцаў навукова-тэхнічнай і турыстычнай сфэраў. На базе Віцебскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі будзе створаны “Клюб прафэсійнай ангельскай”, які будзе працаваць і пасьля завяршэньня праекту.
Праект “Другое жыцьцё” накіраваны на садзейнічаньне сацыяльнай рэабілітацыі людзей зь інваліднасьцю і пажылых людзей праз ажыцьцяўленьне чатырох разнаплянавых навучальных праграмаў.
“Я ўсьцешаны, што гэтыя арганізацыі апынуліся ў ліку пераможцаў. Гэта вельмі важна для горада, бо ў віцяблян зьявіцца рэальная магчымасьць падвысіць свае кампэтэнцыі ў навукова-тэхнічнай сфэры і пры аказаньні турыстычных паслугаў. Ня менш важнай справай ёсьць дапамога ў сацыяльнай рэабілітацыі людзей з фізычнымі абмежаваньнямі. Зычу, каб праекты былі пасьпяхова рэалізаваныя. Гэта стане ўнёскам у разьвіцьцё грамадзянскіх ініцыятываў у Віцебскім рэгіёне”, – так пракамэнтаваў вынікі конкурсу кіраўнік простага таварыства па падтрымцы і разьвіцьці грамадзянскіх ініцыятываў “Дыялёг” Леанід Сьвецік.
Неўзабаве пераможцы пачнуць распрацоўку пляну разьвіцьця ў якасьці “гораду-навучэнца”, зоймуцца ўзмацненьнем патэнцыялу ініцыятыўнай групы, якая прасоўвае ідэі праграмы, створаць магчымыя мадэлі цэнтру адукацыі дарослых, дапасаваўшы іх да лякальных умоваў. Пасьля гэтых этапаў удзельнікі, пры жаданьні, атрымаюць дапамогу ў падрыхтоўцы да ўступленьня ў Глябальную сетку гарадоў-навучэнцаў ЮНЭСКА.
Лявон Яфрэменка