Панядзелак, 06 Май 2019

Віцебскія актывісты ўшанавалі памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
Актывісты парадкуюць пахаваньне пад Мазалавам Актывісты парадкуюць пахаваньне пад Мазалавам

Напярэдадні Радаўніцы сябры грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” наведалі ў ваколіцах Віцебску месцы расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Ля крыжоў памяці і на магілы, у якіх ляжаць знойдзеныя ў часе пошукавых экспэдыцыяў парэшткі рэпрэсаваных, актывісты ўсклалі кветкі, запалілі памінальныя зьнічкі.

Грамадзянскія могілкі ля вёскі Мазалава

У жніўні 2018 году на ўскрайку мазалаўскіх могілак амаль патаемна ад грамадзкасьці былі пахаваныя парэшткі 302-х чалавек, знойдзеныя годам раней вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёну ў лесе пад Хайсамі.

Шыльда на драўляным крыжы не паведамляе ані пра пахаваных у магіле, ані пра тое, хто забіў столькі людзей.

Ян Дзяржаўцаў запальвае зьнічкі на могілках у Мазалаве

Абураныя гэткім стаўленьнем да мінулага побач з афіцыйным крыжом грамадзкія актывісты летась усталявалі свой. На шыльдзе напісана: “Ахвярам сталінскага тэрору, расстраляным каля вёскі Хайсы ў 1937-39 гадах і перапахаваным тут у 2018 годзе”.

“Тут ляжаць грамадзяне, забітыя сталінскім рэжымам. Родныя гэтых людзей дасюль ня ведаюць пра месцы іх пахаваньняў. Яны ня могуць наведаць іх магілы, прынесьці кветкі, памаліцца. Гэтую справу за іх робім мы, бо разумеем важнасьць гэтай справы, бо мы – людзі…” – сказаў старшыня грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзржаўцаў.

Мэмарыял каля станцыі Лосьвіда

На вайсковым мэмарыяле ля ст. Лосьвіда у 2016 годзе ўлады ўціхую пахавалі за масіўным бэтонным помнікам савецкім вайскоўцам парэшткі 172 рэпрэсаваных.

Паводле падлікаў актывістаў, колькасьць пахаваных мусіць быць большай. Ніякіх афіцыйных згадак пра тое зусім няма. На магіле стаіць адзіны крыж з шыльдай. Яго таксама паставілі сябры ініцыятывы “Хайсы”. Надпіс на шыльдзе такі самы, як і ў Мазалаве.

Ля крыжоў пад станцыяй Лосьвіда

На думку Яна Дзяржаўцава, у СМІ трэба шырэй паведамляць пра месцы пахаваньняў рэпрэсаваных, каб людзі мелі магчымасьць даведацца пра імаверныя месцы апошняга спачыну сваякоў.

“Мы ня ведаем канкрэтна, хто тут ляжыць, але агульны сьпіс расстраляных у Віцебскай турме паступова складаецца з розных базаў дадзеных, якія ёсьць у адкрытым доступе”, – кажа Дзяржаўцаў.  

Народны мэмарыял “Хайсы”

У сувязі з забаронай уладаў наведваць лясы грамадзкія актывісты абмежаваліся гэтым разам ускладаньнем кветак ля крыжоў, што стаяць на ўскрайку ляснога масіву ля вёскі Хайсы.

С. Горкі. фота аўтара