Намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын адказаў, што “надпіс “Подвиг советского народа бессмертен” цалкам адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці і яго зьмяненьне немэтазгоднае”.
Паведаміў таксама, што ўрачыстае адкрыцьцё плошчы адбылося адначасова з адкрыцьцём мэмарыяльнага комплексу (у народзе – “Тры штыкі”) ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў 30 чэрвеня 1974 году. І што “дадзены надпіс нагадвае тысячам гасьцей і жыхарам гораду пра непарушную інтэрнацыянальную згуртаванасьць воінаў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў у вызваленьні Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Чыноўнік згадаў, што ўдзельнікамі вызваленьня Віцебшчыны былі ня толькі беларусы, але і рускія, украінцы, літоўцы, эстонцы, таджыкі, армяне, азэрбайджанцы, малдаване ды іншыя, а ва ўзброеных сілах СССР служылі прадстаўнікі 151 нацыі і народнасьці.
“Плошча Перамогі – гэта целасны (менавіта так у адказе – празь “е” - ВВ) архітэктурны ансамбаль, дзе кожны элемэнт адзначаецца яснасьцю ўспрыманьня, мае глыбокі сэнс і асаблівае значэньне. Сьветлавы надпіс “Подвиг советского народа бессмертен” на доме №8 па Маскоўскім праспэкце зьяўляецца непадзельнай часткай плошчы Перамогі”, – гаворыцца ў адказе на калектыўны зварот.
“Вялікая Перамога – гэта найважнейшая духоўная каштоўнасьць, маральны арыентыр для ўсіх пасьляваенных пакаленьняў, якія выхоўваюцца на ідэалах сяброўства, братэрства і добрасуседзтва”, – піша Віктар Глушын.
На гэтай падставе лічыць, што зьмяняць лёзунг – немэтазгодна.
"Яны баяцца нешта мяняць..."
Адзін з аўтараў калектыўнага звароту віцяблянін Мікола Качурэц, камэнтуючы адмову, кажа, што іншага адказу і не чакаў: “Бо ва ўладзе сядзяць зараз людзі, выхаваныя ў традыцыях старой бальшавіцкай гвардыі. І няважна, колькі ім гадоў. Яны папросту баяцца нешта мяняць”.
Даўгі дзевяціпавярховы дом на плошчы Перамогі ў Віцебску (Маскоўскі пр-т, 8) быў пабудаваны ў 1967 годзе. Стаў першым у горадзе вышынным жылым домам зь ліфтам і сьмецьцеправодам. У народзе яго называлі “баянам” ці проста “домам-подзьвігам”.
Нагадаем, што раней мясцовыя ўлады адмовіліся разглядаць пытаньне аб перайменаваньні віцебскай “ленінкі” ў бібліятэку імя Васіля Быкава.
Зьміцер Міраш