Удзельнікі майстар-клясы змаглі навучыцца асновам відэаздымак і відэамантажу для прасоўваньня дзейнасьці сваіх арганізацыяў у інтэрнэце.
Паводле словаў вядоўцы Кацярыны Нікіфаравай, відэа, што выстаўляецца ў інтэрнэт, ёсьць найбольш папулярным кантэнтам у сеціве. І нікуды ад гэтага не падзецца. Таму тым людзям або арганізацыям, якія хочуць, каб пра іх дзейнасьць даведалася як мага больш карыстальнікаў, і якія імкнуцца быць у топе, неабходна навучыцца здымаць на смартфон відэа і мантажаваць яго.
Майстар-кляс быў разьбіты на два блёкі.
У першым блёку ўдзельнікі пазнаёміліся з асноўнымі правіламі відэаздымак і атрымалі тэарэтычныя веды. Даведаліся пра найбольш эфэктыўныя спосабы падачы матэрыялу, сярод якіх флэшмобы, кавэры (жартоўнае або сур'ёзнае выкананьне, якое імітуе вядомыя музычныя кампазіцыі), хайфхакі (карысныя парады, якія дапамагаюць вырашаць бытавыя праблемы) і іншыя.
У другім блёку было больш практыкі – прадстаўнікі арганізацыяў здымалі кароткія відэаролікі і пасьля спрабавалі змантажаваць іх на кампутары з дапамогай праграмы Vegas, якая дазваляе, ня вельмі напружваючыся, зразумець асновы мантажу відэафайлаў.
Паводле словаў удзельнікаў, майстар-кляса аказалася для іх дужа карыснай і цікавай. Прафэсійнымі рэжысэрамі яны, вядома, ня сталі, але жаданьне здымаць відэа і разьмяшчаць ролікі на ютуб-каналы пэўна ж зьявілася. Спадзяваймася, што цяпер для актывістаў, што займелі такія карысныя веды, вырашэньне мясцовых праблемаў стане нашмат лягчэйшай задачай.
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2660-vitsebskikh-aktyvistau-navuchyli-rezhyserskim-shtuchkam#sigProIde362ff8a77
Уладзімер Бяляўскі