Крыжы паставілі на на паўкруглай паляне ля вясковай дарогі, па якой некалі вазілі асуджаных на сьмерць гэтак званых “ворагаў народу”. Дарога агінае вялікае поле і ідзе ў лес якраз да тых пахавальных ямінаў, дзе вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну сёлета рабілі эксгумацыю парэшткаў забітых. Дарэчы, паводле сьведчаньняў старажылаў, да вайны на месцы поля таксама быў лес, і там таксама забівалі рэпрэсаваных. Пры немцах лес выразалі, а пасьля вайны пні выкарчавалі, зямлю перааралі і пачалі выкарыстоўваць у сельскагаспадарчых мэтах.
Вось што кажа з нагоды суботняй талакі кіраўнік ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў:
– Крыжы ўсталяваныя ў васьмідзесятую гадавіну жудасных сталінскіх рэпрэсіяў, якія ў масавай сьвядомасьці зьвязаныя менавіта з 1937 годам. Мінула багата часу, але дагэтуль па лясох валяюцца косткі нявінных людзей. Надышла пара ўшанаваць ахвяраў рэпрэсіяў. Трэба зрабіць гэтую сумную, скрушную мясьціну годнай, як гэта павінна быць у людзей. Таму мы і ўсталявалі крыжы побач з тым месцам, дзе НКУСаўцы расстрэльвалі людзей, як нам расказалі мясцовыя жыхары. Фактычна гэта могілкі, і яны павінны быць упарадкаваныя. Згодна з хрысціянскім звычаям на могілках ставяцца крыжы, вось і мы абазначылі гэтае месца крыжамі. Мы лічым што на ўпарадкаваныя могілкі не падымецца рука чорных капальнікаў, крыжы стануць аховай для могілак.
У траўні сябры ініцыятывы сустракаліся ў Мазалаўскім сельсавеце з уладамі, прасілі дазволіць усталяваньне крыжоў, але тады нам сказалі, што пакуль рабіць тое несвоечасова. Маўляў, працуюць пошукавікі. Але зараз там ужо некалькі месяцаў ніхто не працуе, і няма ніякіх перашкодаў, таму наш хрысціянскі абавязак зрабіць усё па-людзку.
За той час, пакуль сябры ініцыятывы талакой умацоўвалі крыжы, некалькі грыбнікоў на роварах, што ехалі зь лесу па дарозе, спыніліся, каб пацікавіцца, што адбываецца. Двое зь іх, пэнсійнага веку мужчыны, пацьвердзілі, што чулі ад бацькоў пра перадваенныя расстрэлы. Гэткім чынам жыцьцё яшчэ раз прадэманстравала важнасьць тых намаганьняў, якія цягам трох гадоў робяцца грамадзкімі актывістамі зь Віцебску.
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2475-u-vitsebskikh-kurapatakh-zyavilisya-novyya-kryzhy#sigProId510e73d00a
С. Горкі