Серада, 19 Ліпень 2017

У Глыбоцкім раёне здарыўся чарговы мор рыбы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Некалькі дзясяткаў мёртвых рыбінаў былі выяўленыя 14 ліпеня ў рацэ Дабрылаўцы каля вёскі Мікуліна Глыбоцкага раёну. Крыніца забруджваньня пакуль ня выяўленая.

Спэцыялісты Рэспубліканскага цэнтру аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя і раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя правялі абсьледаваньне ракі. Было сабрана 70 асобін загінулых рыбаў розных відаў, але бачнага забруджваньня на паверхні вады не знайшлі.

Экспэрты ўзялі пробы вады з Дабрылаўкі дзеля правядзеньня аналізаў і выяўленьня прычыны гібелі рыбы, паведамляе прэс-служба МНС.

У чэрвені 2011 году ў Дабрылаўцы ўжо адбываўся мор рыбы, але ў значна большых маштабах: тады на ўчастку ракі працягласьцю 5 кілямэтраў выявілі 674 загінулыя асобіны. У той раз меркаванай прычынай гібелі рыбы назвалі скідваньне неачышчаных водаў і адкідаў вытворчасьці сыру праз 4-ы каналізацыйны калодзеж ачышчальных збудаваньняў цэху па перапрацоўцы малака ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка» ў вёсцы Запрудзьдзе Глыбоцкага раёну.

У 2012 годзе Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці прыняў рашэньне аб спагнаньні з ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка» кампэнсацыі за нанесеную прыродзе шкоду ў памеры 63 661 500 недамінаваных рублёў.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc