Вадзім Мікалаевіч, час няўмольна адсоўвае ад нас падзею, якая перамяніла жыцьці мільёнаў людзей былога СССР. Многія ўжо і не ўспамінаюць пра яе. Таму хацелася б пачуць Вашу гісторыю пра той час, калі тысячы людзей ахвяравалі здароўем і жыцьцём дзеля таго, каб выратаваць жыцьцё сваіх дзяцей і ўнукаў.
У лютым 1990 году я быў камандзіраваны ў пасёлак Рудакова Хойніцкага раёну Гомельскай вобласьці дзеля далейшага праходжаньня службы на пасадзе начальніка палітадзьдзелу часткі, асабовы склад якой складалі «партызаны», прызваныя з запасу на паўгода. Прызывалі тых, хто быў старэйшы за трыццаць гадоў і меў ня менш за дваіх дзяцей. Афіцэраў у Чарнобыльскую зону накіроўвалі на тры месяцы, але мне давялося адбыць больш за год.
Салдаты займаліся плянавымі работамі па абеззаражваньні будынкаў, пахаваньні вёсак, тэхнікі, прадуктаў, верхняга пласта глебы, заражанага радыяцыяй.
Былі і незаплянаваныя работы, на якія «партызаны», зразумелая рэч, ехаць абсалютна не хацелі, даводзілася ўгаворваць, заклікаць да сумленьня і пачуцьця абавязку. У выпадках узгараньняў у Чарнобыльскай зоне трэба было накіроўваць з часткі вызначаную камандаваньнем колькасьць асабовага складу і пажарныя машыны. Разам з салдатамі заўсёды даводзілася ехаць і мне.
Узровень радыяцыі ў зоне быў вышэйшы за норму. Форму насілі да таго часу, пакуль яна не набірала пэўную дозу апраменьваньня, пасьля чаго яе выкідалі ў магільнік, гэтак жа закопвалі і тэхніку, на якой працавалі. Усе магільнікі былі ў трыццацікілямэтровай зоне, недалёка ад Чарнобыля. Для тэхнікі – свой магільнік, для ежы – свой, для заражанага абмундзіраваньня – свой. Пасьля таго, як аўтамабіль набіраў у зоне пэўны ўзровень радыяцыі, на кантрольным пункце яго паварочвалі назад і машыну закопвалі. За год мне давялося памяняць тры ўазікі.
Вядома, увесь жах радыяцыі ў тым, што яна ня бачная. Распавядзіце, як ставіліся вайскоўцы да такога ворагу? Ці можна да гэтага прызвычаіцца?
Вось у тым і каверза: яна быццам бы ёсьць, і яе быццам бы няма. Прыгадваю стандартныя паводзіны афіцэра, які прыбыў упершыню ў зону: вывучае літаратуру, прыборы, рэгулярна мерае радыяцыю дазымэтрам, прыглядаецца да таго, як паводзяць сябе іншыя... А пасьля надыходзіць прывыканьне, саўковы пафігізм. Марлевая павязка ня носіцца, радыяцыя не вымяраецца, а попел з буржуек, які пасьля згараньня радыеактыўны, ня закопваецца, а выкідваецца проста на двор. У вольны час лавілі рыбу, хадзілі на паляваньне. І калі спачатку ставіліся да дзічыны з асьцярогай, то з часам елі, не задумваючыся пра тое, якую дозу радыяцыі яна набрала. Дазымэтар быў у кожнага, але з часам хтосьці яго дарыў, хтосьці прапіваў, хтосьці проста забываўся на яго. Таму, якую дозу радыяцыі мы атрымлівалі ў рэчаіснасьці, не задумваліся, а па законе ж мы з камандзірам часткі несьлі фармальную адказнасьць за перавышэньне сутачнай нормы радыяцыі, якую атрымліваюць салдаты.
У Хойніках было крэсла – індыкатар ўзроўню радыяцыі, назапашанай арганізмам чалавека. Але нават калі ў цябе за дзень была гранічна дапушчальная доза радыяцыі, усё адно табе пры неабходнасьці пасьля працы ў зоне даводзілася ехаць на нараду ў Чарнобыль ці з чарговай групай салдат на пазачарговыя працы. Цяпер гэта гучыць дзіка, але ўсе нарады праводзіліся ў Чарнобылі.
А выводзілі радыяцыю з арганізму ў апарні, венічкам. Парыліся амаль штодня. Некаторыя выводзілі радыяцыю гарэлкай, але гарэлка не дапамагае.
Камандзір нашай часткі Яўген Пашчанка, зь якім мы прабылі разам год, памёр праз два-тры гады пасьля нашага вяртаньня ад раку крыві і костак. Вечная яму памяць.
Скажыце, як Вы ставіцеся да таго, што ўрад інтэнсіўна ўводзіць у севазварот сельскагаспадарчыя землі і стымулюе засяленьне забруджаных раёнаў?
Узяць, прыкладам, горад Брагін. У ім нельга было жыць. Тады адтуль ішло татальнае высяленьне, а цяпер туды засяляюць. Я не разумею, як так можа быць. Радыяцыя нікуды ня зьнікла, бо пэрыяд паўраспаду плютонію – не адзін дзясятак гадоў. Дый той факт, што ў пацярпелыя ад Чарнобыля раёны Лукашэнка езьдзіць бяз Колі, кажа шмат пра што. У Брагіне – велізарны сыр-завод: тады яго зачынілі, а цяпер ён працуе. Вялікія па плошчы палі былі выведзеныя зь севазвароту, зарасталі травой. Вось здымак, на ўзбочыне было забаронена нават спыняцца, не кажучы ўжо пра поле, а зараз на ім атрымліваюць ураджай... Выходзіць, альбо нас тады дурылі, альбо зараз чмураць. Паказальны і той факт, што асабістых дазымэтраў у жыхароў Гомельскай вобласьці няма, як няма і мапы, што паказвае сапраўдны ўзровень забруджваньня. А там жа моладзь пражывае. І што зь ёй будзе? Або ўрад лічыць, што галоўнае – ім перажыць, а там будзь, як будзе?
Памятаю, калі да нас прыяжджалі японцы, розьніца ў паказаньнях іх дазымэтраў і нашых была значнай. Зыходзячы з паказаньняў нашых прыбораў, наведваць мясцовасьць было можна, а на іх дазымэтры доза зашкальвала. У некаторыя месцы яны адмовіліся ехаць катэгарычна і толькі спачувалі мне.
Патлумачце, як так сталася, што, нягледзячы на тое, што вы адбылі больш належнага згодна з інструкцыямі тэрміну ў Чарнобыльскай зоне, вы афіцыйна не зьяўляецеся ліквідатарам.
Бо самае цікавае што? За праходжаньне службы ў Чарнобыльскай зоне мяне ўзнагародзілі ордэнам «За службу Радзіме ва Ўзброеных сілах» і ўручылі ўзнагароду ЦК ВЛКСМ «За вайсковую доблесьць». Але згодна з законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС...» я не зьяўляюся ліквідатарам, бо 1990 год не ўваходзіць у пэрыяд, які дае права на льготы. У гэткай сытуацыі апынулася шмат людзей.
Мы былі апошнімі перад развалам СССР. І самае страшнае, што мы не дарабілі ўсяго аб'ёму неабходных для цяперашняй бясьпекі насельніцтва работ.
Вадзім Мікалаевіч, прыгадайце, калі ласка, які-небудзь момант з таго пэрыяду, які выклікае ў вас нэгатыўнае стаўленьне або непрыманьне.
Былі і непрыемныя моманты. Можна было б прывесьці канкрэтныя прыклады шкурніцтва людзей зь вялікімі зоркамі, але тады мяне могуць абвінаваціць у галаслоўнасьці. Таму прозьвішчаў называць ня буду. У нас у частцы была крама спэцабслугоўваньня: там і дублёнкі, і касмэтыка, і абутак імпартны... Таму візыты начальства ў частку былі ня рэдкімі. Прыляталі на гелікоптэры, да іх прыезду рыхтаваліся: залівалі вадой пыл на дарожках – крый Божа, удыхне важная асобіна радыяцыйнага пылу. Хібаў, зразумела, было нямала, за што для праформы і ладзіўся разгон. Пасьля таго, як стружка была сагнаная, вялікія пагоны рушылі ў ваенгандаль па дэфіцыт. Набіралі, што трэба, і зьяжджалі. Грошы, маўляў, потым дашлем. Так дагэтуль і шлюць. Даводзілася нам з камандзірам часткі выкручвацца. І такіх выпадкаў былі дзясяткі. І вось гляджу я цяпер на гэтых служак, а адзін зь іх сягоньня ў вялікіх чынах, і, ты ведаеш, сумленьне ім вочы ня выела.
А вось стасункі з насельніцтвам у нас былі цудоўнымі. Мы ім дапамагалі, яны нам – гора збліжае.
https://viciebskspring.org/news/ekaliohija/item/2273-vadzim-kuzmin-u-charnobylskaj-zone-my-byli-aposhnimi-perad-razvalam-sssr#sigProIdebec8a9207
С. Горкі