Субота, 07 Чэрвень 2014

Сваякі дырэктара наваполацкага дзяржпрадпрыемства адпачывалі за кошт дзяржавы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

“Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці распачатая крымінальная справа пра злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі дырэктарам дзяржаўнага транспартнага прадпрыемства гораду Наваполацку”, - паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова. Паводле яе інфармацыі, “у выніку супрацьпраўных дзеяньняў службовай асобы прадпрыемству нанесеная маёмасная шкода на суму ня менш за 100 мільёнаў рублёў”.

“Сьледзтвам выяўлена, што гэтая службовая асоба зь ліпеня 2011 па жнівень 2012 году, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, сыстэматычна давала незаконныя ўказаньні на аплату турыстычных паслуг, аказаных яго сваякам, за кошт сродкаў прадпрыемства, - распавяла І. Гарбачова. - Дзеяньні кіраўніка кваліфікаваныя паводле ч.3 арт.424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Беларусі. У цяперашні час вызначаецца дакладная сума нанесенай шкоды”.

Апошнім часам у Беларусі пачасьціліся гучныя арышты чыноўнікаў і іншых высокапастаўленых службовых асоб. Назіральнікі зьвязваюць гэта з надыходзячай прэзыдэнцкай кампаніяй. Маўляў, Аляксанадр Лукашэнка зноў лёгка праскоча на вачох зьдзіўленага электарату на антыкарупцыйным коніку.

Зрэшты, так думаюць ня ўсе. У прыватнасьці, суаўтар кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” журналіст Сьвятлана Калінкіна мяркуе, што зноў лёгка заваяваць сымпатыі электарату, праскочыўшы другі раз на “карупцыйнай” тэме беларускаму прэзыдэнту, відаць, не атрымаецца. Барацьба з карупцыяй, хаця і можа быць вечнай, але ўсё-такі павінна даваць нейкія вынікі: “Сама сябе гэтая сыстэма перамагчы ня можа, бо яна першапачаткова выбудаваная як карупцыйная. Асноўнае, што рухае чыноўнікамі, калі яны ідуць на дзяржаўную службу, - магчымасьць зарабіць грошы”.

Крыніца: Товарищ-online