У чэрвені бягучага году Генэральнай пракуратурай узбуджаная крымінальная справа ў дачыненьні да шэрагу службовых асоб ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” па фактах злоўжываньня імі службовымі паўнамоцтвамі. Пра гэта паведаміла намесьнік начальніка аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Генпракуратуры РБ Лілія Дзенісенка.
Выяўлена, што кіраўнікі птушкафабрыкі цягам некалькіх гадоў, уваходзячы ў склад конкурснай камісіі, прымалі рашэньні аб закупках кармоў і кармавых дабавак у замежнай камэрцыйнай структуры па завышаных цэнах, што пацягнула прычыненьне птушкафабрыцы шкоды ў суме больш за 4 мільярдаў рублёў, што зьяўляецца асабліва буйным памерам.
“Паводле наяўных дадзеных, генэральны дырэктар ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” Шарэйка давала незаконныя ўказаньні чальцам конкурснай камісіі аб прызнаньні пераможцам конкурсу адной з замежных кампаніяў, з уладальнікам якой была ў сяброўскіх адносінах”, - распавялі ў Генпракуратуры.
Нагадаем, 14 жніўня на пазачарговай сэсіі Савету Рэспублікі сэнатары далі згоду на зьдзяйсьненьне крымінальнага перасьледу яшчэ аднаго свайго калегі - генэральнага дырэктара “Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі” Ганны Шарэйка. Гэта было зроблена пасьля запыту генэральнага пракурора.
У гэты дзень яна прызнаная падазраванай у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі). Паводле гэтага артыкулу прадугледжанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.
З санкцыі Генэральнай пракуратуры 15 жніўня 2014 году ў дачыненьні да Ганны Шарэйка прымененая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.
Таксама было выяўлена, што ў выніку незаконных дзеяньняў Шарэйка ў кароткія тэрміны пабудавала дарагі катэдж плошчай 240 кв. мэтраў, набыла дарагую бытавую і электронную тэхніку, “забясьпечыла сабе матэрыяльны дабрабыт у будучыні”.
Папярэдняе расьсьледаваньне па гэтай крымінальнай справе ажыцьцяўляецца групай сьледчых цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.
Даведка TUT.BY
Ганна Шарэйка нарадзілася 15 студзеня 1960 году ў вёсцы Антопаль Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці.
Скончыла Віцебскі вэтэрынарны інстытут, вэтэрынарны лекар; Усерасейскі навукова-дасьледчы і тэхналягічны інстытут птушкагадоўлі, навуковая заатэхнія. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Працоўную дзейнасьць пачала рабочай саўгасу “Слідчаны” Чашніцкага раёну. Была рабочай Віцебскай перасоўнай мэханізаванай калёны рэспубліканскага аб’яднаньня “Белсельгастэхніка”. Працавала апэратарам, начальнікам цэху інкубацыі, галоўным тэхнолягам - намесьнікам дырэктара па вытворчасьці, дырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Сябра дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ажыцьцяўленьні кантактаў з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы.
Крыніца: Тут.бай