“Адрэагавалі жорстка: арышт праводзілі на інструктажы, у прысутнасьці яго калег. Апошнімі словамі чалавека, які аказаўся нячыстым на руку, сказанымі на адрас ужо былых калег, былі: “Не рабіце так, як я!” Паказчыкі нам сапсавала і ДТЗ, учыненае адным з участковых. Маем намер і надалей жорстка патрабаваць за кожнае парушэньне дысцыпліны, бо, патрабуючы выкананьня закону ад іншых, трэба найперш рабіць гэта самаму”, — заявіў начальнік міліцыі Віцебскай вобласьці.
Падводзячы вынікі сямі месяцаў году, ён адзначыў зьніжэньне практычна на 10% колькасьці зарэгістраваных злачынстваў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Па лініі крымінальнага вышуку колькасьць злачынстваў зьменшылася амаль на 14%. Раскрыцьцё па закончаных крымінальных справах павялічылася на 1,8% і склала больш за 55%. У лідэрах па гэтым паказчыку Расонскі і Шаркоўшчынскі раёны.
“Радуе, што зьнізілася колькасьць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў: з 356 у мінулым годзе да 279 у гэтым. Устаноўленыя падазроныя па ўсіх 24 фактах забойстваў, 65 фактах наўмыснага прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Раскрытыя ўсе 10 згвалтаваньняў, 21 з 22 разбояў. Адзначаецца зьніжэньне ўзроўню дзіцячай злачыннасьці”, — сказаў Яўсееў.
Не застаюцца, паводле яго слоў, без увагі і злачынствы мінулых гадоў. Нядаўна было раскрытае забойства 11-гадовай даўніны, якое атрымала шырокі грамадзкі рэзананс. Тады загінуламу на Юр’евай гары нанесьлі больш за 40 нажавых раненьняў. “Зараз мае падначаленыя працуюць у тым ліку і па злачынствах, учыненых у пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Спадзяюся, і ў іх удасца паставіць кропку”, — адзначыў начальнік УУС.
Крыніца: БелаПАН