Пятніца, 20 Люты 2026

Намеснік старшыні Мёрскага райвыканкама сустрэўся з калектывам магазіна "Санта", каб паразмаўляць пра “Арэшнік”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сайт мёрскай раёнкі “Міёрскія навіны” паведаміў пра сустрэчу намесніка старшыні Мёрскага райвыканкама Андрэя Пуйшы з калектывам магазіна «Санта».  Сустрэча праводзілася 19 лютага падчас так званага Адзінага дня інфармавання. Тэма для размовы з калектывам крамы, у якой пераважаюць жанчыны, была абраная  наступная: “Абарончая моц беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах”.

 Як зазначыў чыноўнік, ва Узброеных Сілах Беларусі зараз налічваецца каля 70 000 вайскоўцаў. Гэта без уліку войскаў тэрытарыяльнай абароны, заўважыў Пуйша і падкрэсліў у сваёй прамове пра топе, што беларуская армія мабільная, кампактная і мае сучаснае ўзбраенне.

 Таксама ён распавёў пра сітуацыю вакол межаў краіны.

”Толькі за мінулы год войскамі НАТА праведзена больш за 230 вучэнняў наступальнага характару. Беларусь у сваю чаргу застаецца краінай з адкрытымі граніцамі, дзейнічае бязвіз. Разам з тым сёлета ў дзяржаве пачалася раптоўная праверка Узброеных сіл, якая будзе доўжыцца на працягу года. На варце нашай бяспекі - ракетны комплекс "Арэшнік"", - падсумаваў напрыканцы размовы чыноўнік.

 Нагадаем, 19 лютага ўлады па ўсё Беларусі праводзілі так званы Адзіны дзень інфармавання на тэму “Абарончая моц беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах”.

 Раман Язёнак