Субота, 02 Жнівень 2025

У Полацку ствараюць першы клас з беларускай мовай навучання?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Нечуваная  па цяперашніх часах навіна з’явілася на адным з рэгіянальных  інтэрнэт-рэсурсаў. Праўда, спасылка на сайт мясцовага ўпраўлення адукацыі не адчыняецца. У сацыяльных сетках згаданай полацкай школы ніякіх паведамленняў пра пра стварэнне беларускамоўнага класа няма. Не паведамляе пра набор і мясцовая раённая газета. Ці гэта можна  расцэньваць, як свядомае замоўчванне сацыяльна важнай інфармацыі, каб людзі не даведаліся пра такую магчымасць?  

Інфармацыя пра стварэнне першага  класа з беларускай мовай навучання з’явілася на сайце gorod214.by. У артыкуле гаворыцца, што клас будзе створаны   па запытах бацькоў на базе сярэдняй школы № 16. Ахвотныя могуць падаць дакументы да 28 жніўня.  Колькасць вучняў, пры наяўнасці якой клас будзе адчынены, не ўказана. Раней менавіта гэткі аргумент быў вырашальны: “Не набралася неабходная колькасць вучняў”.

Стварэнне класа з беларускай мовай навучання ў Полацку выглядае як сапраўдная сенсацыя. Бо такога не было ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, хаця з адпаведнай ініцыятывай бацькі выступалі і раней. Асабліва ў першыя гады незалежнасці Беларусі. Цяпер, калі дзяржаўная беларуская мова практычна выціснута са сферы ўжытку, запрашэнне да беларускамоўнай адукацыі гучыць нават... некалькі правакацыйна.

Міхась Хмара