Субота, 31 Май 2025

Школьнікаў зводзілі на “прафілактычную экскурсію” ў аршанскую калонію

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Для 20 навучэнцаў з 11 школ аргнізавалі  экскурсію ў адну з мясцовых калоній - ПК №8. Мэта - прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Супрацоўнікі сілавых структур лічаць, што, паказаўшы школьнікам “суровыя будні” месца зняволення, яны змогуць дамагчыся больш свядомага стаўлення да абяцанняў “лёгкіх заробкаў” у інтэрнэце, калі непоўнагадовыя пагаджаюцца стаць наркакур’ерамі.

Такія выпадкі ў Оршы ўжо  бывалі. Летась затрымалі 15-гадовую распаўсюдніцу псіхатропнага рэчыва Альфа-PVP. Селета ў студзені на 10 год быў асуджаны 16-гадовы хлопец, які таксама трапіўся на распаўсюдзе псіхатропаў.

 Падчас “прафілактычнай экскурсіі”, якая адбылася ў канцы траўня, супрацоўнікі калоніі правялі з падлеткамі  гутарку аб непазбежнасці пакарання за распаўсюджванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў. Але ў карпусы да зняволеных дзяцей не вадзілі: абмежаваліся паказам кіналагічнага нарадка, дзе прадэманстравалі, як службовыя сабакі выконваюць розныя каманды.

 У канцы траўня мінулага года для аршанскіх школьнікаў ужо праводзілі экскурсію ў ПК №8, яна  праходзіла па такім самым сцэнары: гутарка ў актавай залі і паказ майстэрства дрэсіроўкі службовых сабак.

Па звестках праваабаронцаў, у аршанскай ПК №8 утрымліваюцца сямёра палітзняволеных. Гэта

-Сяргей Глебка

-Павел Сава  

- Ілля Дубскі

- Сяргей Дзяцук 

- Андрэй Бурак
 
-Дзмітрый Бондараў 

-Дзмітрый Сушчык 

Аліна Рабчэня