Пра гэта старшыня аблвыканкама паведаміў у інтэрв’ю “папулярным віцебскім блогерам”, імёны якіх нідзе не называюцца, а ў твар двух хлопцаў, якія задаюць пытанні чыноўніку, ведаюць далёка не ўсе. Пытанні да Аляксандра Субоціна, паведамляюць блогеры, збіраліся цягам паўгода па розных пабліках, дзе вяліся абмеркаванні той ці іншай мясцовай праблемы. Было пытанне і пра лазню - калі ж яе ўрэшце запусціць у дзеянне.
“Каждый год собирались открыть, но нас что-то отвлекало”, - адкаментаваў пытанне старшыня аблвыканкама, але дакладнага адказу так і не даў. “В этом году надо бы запустить”, - сказаў Аляксандр Субоцін і патлумачыў, чаму чарговае абяцанне па тэрмінах не будзе спраўджана. Маўляў, там патрабуецца яшчэ нейкая сума грошай, яе выдаткоўваюць, але потым “пераключаюць” на іншыя аб’екты. Ен падкрэсліў, што апошняе абяцанне было дадзена кіраўніком горада Аляксеем Героевым, які летась асабіста “узяў шэфства” над незавершаным будаўніцтвам, і што цяпер старшыні гарвыканкама няёмка за няспраўджаныя словы.
Зрэшты, Аляксандр Героеў - не першы, хто не стрымаў свайго слова. Будаўніцтва лазневага комплекса пачалося ў 2011 годзе – падчас кіравання старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Нікалайкіна. У 2018 годзе незавершаны аб'ект перадалі на баланс Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. У 2020 годзе гарвыканкам паведамляў, што новая ўстанова ўжо хутка адчыніцца.
Аднак ўсё «пайшло не так», і гарадскому кіраўніцтву давялося ствараць цэлы штаб па аднаўленні работ на закінутым аб'екце. У красавіку 2022 года на будпляцоўцы правялі пасяджэнне штаба, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Саглаеў, дырэктар арганізацыі заказчыка - Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак Пётр Бараноўскі, генеральны дырэктар генпадраднай арганізацыі - ААТ Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» Уладзімір Ленчыкаў. Тады вырашылі, што ўвесці ў строй лазню змогуць у 2023 годзе. Гарвыканкам ужо абвясціў пошук ахвотных набыць памяшканні ў гэтым комплексе для арганізацыі грамадскага харчавання або фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці. У лістападзе 2024 года старшыня гарвыканкама Аляксей Героеў паабяцаў, што аб’ект пачне функцыянаваць у першым квартале 2025 года.
Цяпер кіраўнік вобласці гаворыць пра тое, што трэба пастарацца і ўсё-ткі ўвесці ў дзеянне лазнева-аздараўленчы комплекс - калі не да канцы сакавіка, то хаця б “у гэтым годзе”.
Віктар Баландзін