Панядзелак, 16 Снежань 2024

Колькі дзіцячых пляцовак можна абсталяваць за грошы, выдаткаваныя на Плошчу герба і сцяга ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У аграгарадку Задуброўе Віцебскага раёна па ініцыятыве мясцовых жыхароў створана дзіцячая пляцоўка. Прасцей сказаць, мясцовыя жыхары звярнуліся са сваёй просьбай да уладаў, якія да гэтага падобнай праблемы не бачылі. Чаму кіраўнікі раённага ўзроўню самі не вырашаюць такія пытанні? Між тым, толькі грошай, выдаткаваных на Плошчу герба і сцяга ў абласным цэнтры хапіла б на дзіцячыя плацоўкі ў аграгарадках двух раёнаў вобласці.

Можна колькі заўгодна заклікаць маладых людзей не з'язджаць з роднай вёскі ў горад, але гэта будзе заставацца пустым гукам без стварэння належных умоваў для жыцця. І справу стварэння гэтых належных умоваў дзяржава спрабуе перакласці на плечы саміх грамадзянаў. Для гэтага, прыкладам, у Віцебскай вобласці абвясцілі конкурс грамадскіх ініцыятываў, у межах якога ў 2024 годзе было адабрана 16 прапановаў і выдаткавана на іх рэалізацыю 300 тысяч рублёў з абласнога бюджэта.

Гэта розныя праекты, і па-рознаму каштуюць, калі вядзецца пра грашовую падтрымку. Прыкладам, у Наваполацку аблвыканкам падтрымаў стварэнне школьнага медыяцэнтра, а ў Багушэўску – толькі абсталяванне дзвюх велапаркоўкі. Дзіцячая плацоўка ў аграгарадку Задуброўе – гэта відавочна «эканом-варыянт»...

Варта звярнуць увагу, як з'яўленне гэтага аб'екта апісвае газета «Віцьбічы»: «В числе тех, кто мечту помог сделать былью, Витебское районное отделение партии «Белая Русь», перечислившая 1000 рублей на приобретение металлических элементов площадки. Суражский лесхоз предоставил пиломатериалы. Государственное предприятие «ЖРЭП Витебского района» изготовило скамеечки и установило конструкции. За счет средств самообложения (денег, собранных гражданами) купили навесное оборудование и краску. Местные жители, чем могли, помогали во время установки детского городка и его благоустройства».

Сайт дзяржаўнага выдання не ўдакладняе, колькі грошай агулам было выдаткавана на дзіцячую пляцоўку. Застаецца спадзявацца, што «горкі» і арэлі былі зроблены прафесіяналамі шматлікіх фірм, якія займаюцца распрацоўкай праектаў і зборкай падобнага абсталявання. Бо паводле апісання ў газеце можна зразумець, што абсталяванне зрабілі з «металічных элементаў» (ахвяраванне партыі «Белая Русь») і «піламатэрыялаў» (ад Суражскага лясгаса). І калі яно «самапальнае», то ніхто не гарантуе, што абсталяванне з'яўлаецца бяспечным для дзяцей і праслужыць дастаткова працяглы час.

Яшчэ адно пытанне: хто цяпер будзе займацца абслугоўваннем пляцоўкі? Абнаўляць яе, рамантаваць, прыбіраць тэрыторыю, дый урэшце рэшт касіць траву – бо па здымку ў газеце відаць, што абсталяванне паставілі на пустцы з хмызнякамі... Ці ёсць арганізацыя, якая ўзяла пдяцоўку «на баланс»? Ці, можа, мясцовыя жыхары склалі графік дзяжурстваў і будуць сачыць за парадкам і спраўнасцю абсталявання па чарзе?

Пытанняў больш, чым адказаў. І ўсё таму, што ўвасабленне «грамадскіх ініцыятываў» - гэта своеасаблівы кшталт сучаснай паказухі, калі мясцовыя ўлады хочуць стварыць уражанне «супрацоўніцтва з народам». Але робіцца гэта стыхійна і неўнармавана.

Бо клопат пра дзяцей – гэта дзяржаўны абавязак. І тое, у якім стане часам знаходзяцца ўжо наяўныя дзіцячыя пляцоўкі, выразна дэманструе той нізкі ўзровень, на якім гэты абавязак выконваецца. У звязку з гэтым – крыху пра грошы: комплекс з «горкай», падобны да таго, што на фота, каштуе каля 3 000 рублёў – і гэта абсталяванне, зробленае адмыслоўцамі. На тысячу даражэй каштуюць «горкі» з дадатковымі элементамі – у гэтым выпадку з гамаком.

Калі комплекс у аграгарадку Задуброўе зрабілі «очумелые ручкі», то становіцца зразумелым маштаб «эканоміі». А параўнаць у Віцебску ёсць з чым – з той самай плошчай герба і сцяга, сродкі на будаўніцтва якой ідуць з дзяржаўнага бюджэта.

Гарадскі актывіст Дзмітрый Карняенка высветліў, колькі будуць каштаваць асобныя элементы для аздаблення плошчы:
-светладыёдныя экраны (1125069,43 рублёў) –  і гэта 281 дзіцячая «горка» па прыблізным кошце 4 000 рублёў;
-інтэрактыўны стэнд (129520,51 рублёў) – 32 «горкі»;
-лаўкі (100 404,72 рублёў) - – 25 «горак»;
-кашпо бетонныя (54 450,66 рублёў) – 13 горак;
- гранітны знак з назвай плошчы (прыблізна 145 000) – 36 «горак».

За такія грошы можна стварыць дзіцячыя пляцоўкі ў кожным аграгарадку Віцебскага раёна (іх 245), ды яшчэ большая палова сумы застанецца на суседні раён.

Валянцін Конкін