Чацвер, 27 Чэрвень 2024

У Оршы прайшоў прыём грамадзян... з неўцямнымі вынікамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Апошнім часам у рэгіянальных СМІ вельмі часта апісваюцца прыёмы грамадзян дзяржаўнымі функцыянерамі рознага ўзроўню. Часам журналістам даводзіцца канстатаваць, што праблемы тых, хто звяртаецца па дапамогу, невырашальныя – нейперш праз адсутнасць грашовых сродкаў. Часам у газетных матэрыялах паўтараюцца абяцанні «разабрацца» і «вырашыць». «Аршанская газета» пайшла іншым шляхам: чытачам проста не паведамілі, чым скончыўся прыём грамадзян чальцом Савета Рэспублікі Барысам Ціхаміравым.

У артыкуле «Борис Тихамиров провел личный прием граждан в Орше» распавядаецца пра тое, што да сенатара прыйшлі людзі, якіх турбуе стан дарогі да гаражнага кааператыва, адсутнасць гарачага водазабеспячэння  ў адным з дамоў у самым цэнтры горада. Таксама былі «пытанні асабістага характару», піша газета.

Але што прапанаваў Барыс Ціхаміраў для іх вырашэння, застаецца незразумелым. Бо рэгіянальнае інтэрнэт-выданне абмяжоўваецца агульнымі фразамі: «Сенатор выслушал просьбы, предложения и жалобы обратившихся. Пояснения даны по каждому из озвученных вопросов. На встрече присутствовали также ответственные специалисты райисполкома, предприятий и организаций района». Матэрыял на сайце ўтрымлівае цэлы фотарэпартаж, дзе на здымках увасобленыя чыноўнікі з заклапочанымі тварамі і  кіпамі папер.

У заключэнні  аўтар тэкста Вадзім Краўчанка цытуе словы самога Барыса Ціхамірава:  «Приемы граждан для сенаторов очень важны, ведь они обеспечивают обратную связь с людьми». Застаюцца патанні: а ў чым важнасць такіх прыёмаў для людзей, ці вырашаюцца іхныя пытанні, узнятыя на ўзроўні Савета Рэспублікі?

Юрый Пахалонкін