Як ідзе падрыхтоўка школ да новага навучальнага года, чаму ў школах і дзіцячых садках існуе кадравы голад, ці патрэбна аптымізацыя ўстаноў адукацыі, якія напрамкі вучэбна - выхаваўчай працы патрабуюць большай увагі? Гэтыя ды іншыя пытанні разглядаліся 24 чэрвеня на пасяджэнні Шаркаўшчынскага раённага камітэта. У нарадзе ўдзельнічаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка.
Падчас пасяджэння выступіў старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака, які адзначыў, што сёлета змяніліся правілы прыёмкі гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Ён адзначыў, што на сферу адукацыі накіроўваецца толькі 33 працэнты бюджэту раёна. Прыгэтым кіраўнік раёна падзякаваў начальніку галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыю Хому за аказаную дапамогу.
Паводле слоў начальніка аддзела адукацыі Кацярыны Міхнёнак, паводле папярэдніх дадзеных 1 верасня 2024 года ва ўстановы адукацыі Шаркаўшчынскага раёна прыйдуць 1582 дзіцяці, з іх - 1224 школьнікі. У раёне працуюць 6 сярэдніх школ, 6 дашкольных устаноў, цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Паводле Міхнёнак, сёлета ў Шаркаўшчынскім раёне ліквідацыя ўстаноў адукацыі не плануецца. Як паведаміла чыноўніца, у 2021 годзе была зачыненая Радзюкоўская базавая школа, у 2022 годзе - Станіславоўская. Цяпер вядуцца рамонтныя работы ў школах, якія дзейнічаюць. У бягучым годзе на капітальны рамонт выдзелена 240 тысяч рублёў. Для параўнання, у мінулым годзе ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» для правядзення бягучага рамонту было выдзелена 1,4 млн. руб., а на капітальны рамонт - 3,5 млн. рублёў.
Падчас пасяджэння Кацярына Міхнёнак адзначыла адну з асноўных праблемаў - праблему недахопу кадраў. У 2022 годзе ў раён прыбылі 3 маладыя спецыялісты, а ў 2023 – толькі адзін. Цяпер у Шаркаўшчынскім раёне існуе дэфіцыт псіхолагаў і дэфектолагаў. У бягучым годзе аддзел адукацыі плануе заключыць 5 мэтавых дагавораў для падрыхтоўкі педагагічных кадраў.
Але ці паедзе моладзь пасля навучання нават па мэтавай дамове працаваць у адзін з самых бедных раёнаў Беларусі – гэта яшчэ невядома. Калі глядзець на статыстыку маладых спецыялістаў, якія едуць у гэты раён, то ў наступным годзе наўрад ці хто з'явіцца. Нават дзеці саміх шаркаўшчынскіх чыноўнікаў з'язджаюць у сталіцу ды іншыя гарады Беларусі, каб атрымліваць годны заробак і жыць у лепшых умовах.
Кіраўнік раёна Дзмітрый Ламака паставіў перад прысутнымі задачу ліквідаваць недахопы, выяўленыя падчас праверак Камітэтам дзяржкантролю. Паводле слоў старшыні шаркаўшчынскага райвыканкама, трэба пільную ўвагу надзяліць вырашэнню кадравага пытання. Праўда, што прапануе раён маладым спецыялістам, каб іх заахвоціць ехаць у Шаркаўшчыну, агучана не было.
У сваю чаргу Ігар Сергяенка пацікавіўся надзённым для ўладаў Беларусі пытаннем - эканоміі і аптымізацыі - якая будзе эканомія бюджэтных сродкаў пры пераводзе ў Більдзюгах дзіцячага сада ў школу. Яму адказалі, што атрымліваецца больш за 77 тысяч рублёў у год. Плануецца гэта зрабіць ужо ў наступным годзе.
Напрыканцы старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што школам трэба надаваць пільную ўвагу прафарыентацыі.
«Рыхтуйце кадры самі - усё ў вашых руках. Не трэба чакаць, што спецыялісты да вас прыедуць», - падсумаваў Ігар Сергяенка.
Лілія Крупкіна