Як паведамілі ў аддзеле эканомікі Браслаўскага райвыканкама, летась, замежны інвестар выкупіў не завершаны будаўніцтвам трохпавярховы лячэбны корпус Браслаўскай ЦРБ. Будынак быў прададзены за 530 тысяч рублёў. Як заўважыў аддзел эканомікі, гэта найбуйнейшая падобнага роду здзелка ва ўсёй Віцебскай вобласці ў 2023 годзе.
У пачатку траўня той жа інвестар набыў на Браслаўшчыне яшчэ адзін буйны аб'ект - комплекс будынкаў і збудаванняў былой псіхіятрычнай бальніцы ў аграгарадку Слабодка. Агульная плошча памяшканняў там складае амаль 10 тыс. кв. м, а прылеглая да іх тэрыторыя - 12 га. Сума здзелкі (з паніжэннем першапачатковага кошту) перавысіла 230 тысяч рублёў.
Па дадзеных «Віцебскаблмаёмасці», на базе корпуса ў Браславе новы ўласнік плануе адкрыць пансіянат падвышанай камфортнасці для асоб пажылога ўзросту, а ў Слабодцы - аздараўленчы дэтокс-цэнтр і цэнтр карэкцыі вагі.
А вось у лютым гэтага года на Браслаўшчыне з малатка пайшоў будынак міліцыі ў Відзах. Яго прадалі з паніжэннем пачатковай цаны на 80% за пяць з паловай тысяч рублёў, што на той час складала ўсяго 1700 даляраў.
У аддзеле эканомікі Браслаўскага райвыканкама адзначаюць, што, нягледзячы на агульную невялікую колькасць рэалізаваных пабудоў, іхні раён займае перадавыя пазіцыі ў Віцебскай вобласці па суме выручкі ад іх продажу.
На сёння ў гадавым плане Браслаўшчыны па ўключэнні ў абарот аб'ектаў нерухомай маёмасці 14 пазіцый. У асноўным гэта былыя ўстановы адукацыі і аховы здароўя, крама, прыёмны пункт, свідравіна. Ёсць у пераліку і вельмі цікавыя прапановы. Напрыклад, комплекс капітальных пабудоў былой графскай сядзібы ў Відзах-Лаўчынскіх. Пачатковы кошт гэтага лота паніжаны на 50 % і зараз складае 94 тысячы беларускіх рублёў.
Вячаслаў Прус