Серада, 15 Май 2024

«Спробы дэстабілізаваць наша грамадства яшчэ будуць»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Аляксандр Бранцэвіч на фота злева Аляксандр Бранцэвіч на фота злева

Дэпутат Віцебскага аблсавета па Браслаўскай выбарчай акрузе № 53 і генеральны дырэктар УП "Віцебскаблгаз" Аляксандр Бранцэвіч заявіў пра гэта на сустрэчы з настаўнікамі.

«Беларусы - вельмі гуманныя людзі. Разам з тым прынцып непазбежнасці пакарання за ўчыненае ў нас таксама мае месца быць», - сказаў чыноўнік на сустрэчы з калектывам сярэдняй школы № 2 Браслава. Туды ён прыехаў, каб распавесці пра Усебеларускі народны сход, быццам гэта тая надзённая тэма, якая хвалюе настаўнікаў. Але Бранцэвіч не стаў выключэннем, і як і іншыя чыноўнікі гастралюе па краіне з гэтай тэматыкай.

Як піша браслаўская раёнка, асаблівы акцэнт падчас сустрэчы Аляксандр Бранцэвіч зрабіў на тым факце, што калі раней на так званым Усебеларускім сходзе абмяркоўваліся ўсё больш сацыяльна-эканамічныя пытанні, то зараз - нацыянальная бяспека і абарона.

Дэпутат ахарактарызаваў бягучую ваенна-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і адзначыў яе напружанасць.

"Разам з тым нашы сілавыя ведамствы працуюць эфектыўна, у адпаведнасці з выклікамі міжнароднага парадку дня", - пахваліў ён сілавыя структуры, на якіх і трымаецца ўлада ў Беларусі.

Асаблівую ўвагу Бранцэвіч удзяліў прынятым на ВНС Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і ваеннай дактрыне Беларусі і сказаў, што зроблена гэта быццам з адной адзінай мэтай - яшчэ раз падкрэсліць міралюбівую палітыку нашай краіны.

«Для абароны ад агрэсіўных дзеянняў нядобразычліўцаў у нас ёсць усё неабходнае, уключаючы моцнае войска і нават тактычную ядзерную зброю, – сказаў напрыканцы Аляксандр Бранцэвіч і дадаў. – ­­Што да кожнага з нас, то мы з вамі проста павінны працаваць на сваіх месцах. Шчыра, адказна і якасна. Упэўнены, спробы дэстабілізаваць наша грамадства яшчэ будуць. Таму наша агульная задача - не дапусціць гэтага. Забяспечыць працу эканомікі, захаваць мірную і квітнеючую Беларусь».

Толькі вось пра тое, як лукашэнкаўскія ўлады дэстабілізуюць абстаноўку на мяжы, прывозячы туды мігрантаў, пра тое, што з Беларусі ляцелі ракеты ва Украіну ды і пра іншае, чым займаюцца ўлады так званай «мірнай» Беларусі, так званы дэпутат, канешне ж, не расказаў прысутным настаўнікам. Але ж яны і так усё ведаюць.

Галіна Каравай