Нядзеля, 12 Май 2024

У Шаркаўшчыне на выязны прыём да так званага сенатара ніхто не прыйшоў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Сенатар Сяргей Мялешкін на фота зправа Сенатар Сяргей Мялешкін на фота зправа

Мясцовая раёнка «Кліч Радзімы» падала гэтую падзею так, што гэта быццам кажа пра скаардынаваную і аператыўную дзейнасць мясцовай улады, кіраўніцтва арганізацый раёна ў вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці грамадзян.

Вядома ж, дзяржаўная газета не напіша, што людзі не давяраюць уладам і не спадзяюцца на вырашэнне іх праблемаў. А што такія існуюць у адным з самых бедных раёнаў Беларусі можна казаць з упэўненасцю.

Улада ўжо даўна аддзяліла сябе ад простага народа, як у фінансавым плане, так і ў сацыяльным. Для іх галоўнае – трымаць народ у страху. А народ зразумеў, што скардзіцца зараз на ўладу – гэта небяспечна для самога сябе. Навіны ў інтэрнэце разыходзяцца хутка, і людзі разумеюць, што за банальную скаргу на дрэнныя дарогі можна трапіць пад дубінкі амапаўцаў ці атрымаць суткі, штраф, а ў лепшым выпадку абысціся затрыманнем з маскі-шоў і пакаяльным відэа. Людзі збольшага ў Беларусі жывуць, як пры акупацыі, таму і засцерагаюцца выказваць тое, што думаюць.

А хто ж прыязджаў у Шаркаўшчыну? Прыём грамадзян 8 траўня ў Шаркаўшчынскім райвыканкаме праводзіў так званы сенатар, начальнік абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргей Мялешкін, які заявіў для мясцовай прэсы, што «невырашальных праблем не бывае».

Так як простыя шаркаўшчане не аказалі павагі чыноўніку, яму давялося размаўляць з кіраўніцтвам раёна. На сустрэчы, як піша раённая газета «Кліч Радзімы», ён асабіста пазнаёміўся з кіраўніцтвам раёна, абмеркаваў асноўныя накірункі сумеснай дзейнасці. Таксама былі закрануты некаторыя пытанні правядзення спаборніцтваў санітарных дружын з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Шынкевічам.

Пасля гэтага ўлады Шаркаўшчыны арганізавалі яму сустрэчу з працоўным калектывам Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння, дзе тэмай гутаркі стала правядзенне VII Усебеларускага народнага сходу і яго асноўныя вынікі.

Канешне, гэта тая надзённая тэма, якая «цікавіць» работнікаў газазабеспячэння Шаркаўшчыны. Але людзям давялося слухаць чарговы нудны выступ чыноўніка, як у былыя часы партыйных лектараў пра росквіт партыі і камунізму. А так званы сенатар паставіў яшчэ адну «галачку» ў свой справаздачны графік так званай працы з народам.

Зінаіда Фралова