Паводле лепельскіх міліцыянтаў, так званыя добраахвотныя дружыны існуюць у гарадах, пасёлках, сёлах, а таксама пры прадпрыемствах. Яны аказваюць дапамогу не толькі міліцыі ў ахове грамадскага парадку, а таксама падраздзяленням МНС і памежнікам.
Дзяжураць і патрулююць звычайна так: на двух дружыннікаў адзін супрацоўнік ведамства. Акрамя аховы правапарадку могуць далучацца і да ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Як паведамляюць міліцыянты, дружыннікамі могуць стаць людзі пасля 18 гадоў - працуючыя, студэнты або ваенныя пенсіянеры. Патруляваць яны будуць у свой вольны час. У абавязковым парадку іх жыццё і здароўе пры гэтай рабоце страхуюць. Добраахвотную дружыну ўзначальвае камандзір, якога агульны сход дружыннікаў абірае адкрытым галасаваннем на два гады.
Паводле лепельскіх міліцыянтаў, каб стаць дружыннікам, трэба напісаць заяву і прайсці своеасаблівы выпрабавальны тэрмін. У прыярытэце - дзелавыя, маральныя якасці і моцнае здароўе. Пад маральнымі якасцямі, відаць, міліцыянты маюць на ўвазе лаяльнасць да рэжыму Лукашэнкі. Як жа без гэтага!
У якасці кампенсацыі дружыннікам за адпрацаваны час па ахове грамадскага парадку прадугледжаны тры дні да адпачынку, калі на дзяжурства дружыннік выходзіў не менш як 6 разоў на год. Але не факт, што яны іх атрымаюць. Як заўважаюць міліцыянты, гэта трэба ўзгадняць яшчэ з кіраўніцтвам прадпрыемства ці фірмы. Акрамя таго, міліцыянты кажуць, што прадугледжаныя і іншыя заахвочванні, у тым ліку матэрыяльныя.
А як пазнаць дружынніка? У яго экіпіроўцы абавязкова павінны быць пасведчанне, нагрудны знак і чырвоная павязка на руцэ.
Галіна Крылова