На пачатку снежня пры Медыяцэнтры Віцебскай вобласці ўлады адкрылі Медыялабараторыю для маладых журналістаў і блогераў
Як піша сайт “Віцебскія весці”, новая моладзевая прастора стане прафарыентацыйнай, адукацыйнай, практыкаарыентаванай пляцоўкай для дзяцей, якія цікавяцца журналістыкай і блогасферай.
Гэты праект сумесна рэалізавалі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і рэдакцыя дзяржаўнай газеты "Віцебскія весці".
У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, міністр інфармацыі Уладзімір Перцоў, члены калегіі Мінінфарма, кіраўнікі праўладных СМІ Віцебскай вобласці.
Уладзімір Пярцоў пажадаў моладзевым СМІ і будучым спецыялістам "захварэць" гэтай прафесіяй у маладосці, тады маладосць будзе на ўсё жыццё:
Ты ні на што не прамяняеш гэтую справу, калі сапраўды адчуваеш сябе журналістам, гатовы ахвяраваць асабістым часам, часам нават больш моднымі прафесіямі з больш высокімі даходамі, бо ты прыйшоў у гэтую сферу і прыкіпеў да яе ўсім сэрцам.
Міністр інфармацыі зазначыў, што такія пляцоўкі, як медыялабараторыя, дзе можна прыйсці павучыцца, паспрабаваць сябе, карысныя і важныя для дзяцей, якія робяць першыя крокі ў гэтай няпростай прафесіі.
“Дзякуючы светлавому абсталяванню, мікрафонам, розным зонам з моднымі лакацыямі можна зрабіць стэндап і праходкі - тое, што цяпер модна і прыйшло да нас з блогасферы”, - сказаў Уладзімір Пярцоў.
Галоўны ідэолаг Віцебскай вобласці Марына Навіцкая, звяртаючыся да моладзі, сказала, што гэтая пляцоўка з'яўляецца магчымасцю развіваць свой талент у розных напрамках і казаць пра тое, якія трэнды сёння задае Беларусь. Праўда, яна не ўдакладніла, што мела на ўвазе пад трэндамі. Мо тое, што ўлады Беларусі змагаюцца з іншадумствам і закрылі ўсе недзяржаўныя СМІ, якія складалі канкурэнцыю дзяржаўным, а мо пра трэнды запужвання, ціску і пераследу людзей нават за лайк у інтэрнэце?
“З упэўненасцю можна сказаць, што пры падтрымцы аблвыканкама, "Віцебскіх вестак", вопытных настаўнікаў мы ступім і яшчэ далей у развіцці медыя нашага рэгіёну”, - адзначыла чыноўніца.
А як развіваюцца медыя ў Віцебскім рэгіёне вядома: у рэдакцыях раённых газет скарачаюцца штаты і вядуцца чысткі, некаторыя з іх, такія як шаркаўшчынская і гарадоцкая, увогуле страцілі самастойнасць і ўвайшлі ў так званы Медыяхолдынг пад кіраўніцтвам абласной газеты “Віцебскія весці”.
Медыялабараторыя для моладзі складаецца з пяці лакацый: тры з іх прызначаны для здымкі фота- і відэакантэнту, правядзення прамых эфіраў і стрымаў, майстар-класаў і майстармайндаў.
Чацвёртая лакацыя прызначана для здымкі аглядаў рэгіянальных навін для "Ютуба" і "ЦікТока". Пятая ўяўляе сабой зону рэкрэацыі, каб у перапынках ад здымак дзеці змаглі адпачыць, папіць каву ці гарбату.
Адкрыццё Медыялабараторыі – справа, канешне, добрая, якая дае магчымасці моладзі расці і развівацца. Але, каб гэта было ў іншы час і ў іншых умовах. Бо чаму могуць навучыць ідэолагі і прапагандысцкія праўладныя СМІ? Вядома, не таму, як рабіць аб’ектыўныя і цікавыя навіны і матэрыялы, а таму, як абслугоўваць уладу і рабіць прапаганду.
Мацей Дронаў