Літаратурныя чытанні «Быў. Ёсць.Буду» праводзілі ў Оршы з 1992г. - як толькі ў родным горадзе паставілі помнік Уладзіміру Караткевічу. 26 лістапада сюды прыходзілі вучні з настаўнікамі, не абмінала імпрэзу і гарадское кіраўніцтва. Пачытаць вершы або ўрывак з празаічнага твора вядомага літаратара маглі не толькі загадзя падрыхтаваныя ўдзельнікі, але і кожны ахвотны. Людзі прыходзілі сюды з кветкамі, ускладалі іх да падножжа помніка.
Сёлета ўскладання кветак не было. Літаратурныя чытанні правялі ў Аршанскім музей У.С.Караткевіча яшчэ 23 лістапада. Дня народзінаў чакаць не сталі: правялі мерапрыемства ў апошні працоўны дзень тыдня, каб на ім гарантавана былі ўдзельнікі і гледачы – перадусім вучні і настаўнікі сярэдняй школы №3, якая носіць імя Караткевіча. Гэта тая самая школа, якой імя пісьменніка летась надалі другі раз: гарадское кіраўніцтва забылася, што гэтае імя навучальная ўстанова носіць з 1985г. Таму ў 2022-м абласное начальства прыехала сюды на паказальную ўрачыстасць, падчас якой на будынку адчынілі шыльду з надпісам на рускай мове.
Апрача чытанняў, у горадзе правялі ўсяго адно мерапрыемства да ўгодкаў знакамітага аршанца: 9-га лістапада ў музеі У.С.Караткевіча адчынілі выставу “Уладзімір Караткевіч – рыцар зямлі беларускай”, якая будзе працаваць да канца месяца.
Юрка Жмых