Па словах Галіны Каратковай, начальніка ўпраўлення раённага выканаўчага камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на Браслаўшчыне цяпер адзначаецца скарачэнне колькасці насельніцтва. Прычым на сяле гэтыя працэсы ідуць больш хутка. Паралельна скарачаецца і доля браслаўчан, занятых у эканоміцы рэгіёна. Разам з тым расце колькасць пенсіянераў, што павышае нагрузку Фонду сацыяльнай абароны, які фармуецца за кошт працаздольнага насельніцтва.
Выйсце з такой сітуацыі ўлады бачаць, перш за ўсё, у павышэнні нараджальнасці.
Другое, на чым засяродзіла ўвагу прысутных начальнік упраўлення, – гэта пенсійныя накапленні. Яна нагадала, што сёння кожны працуючы чалавек мае магчымасць павялічыць сваю пенсію шляхам удзелу ў праграме добраахвотнага сацыяльнага страхавання, калі ён (а разам з ім і яго наймальнік) пералічваюць на спецыяльныя рахункі крыху больш сродкаў, чым звычайна. Тым самым забяспечваецца істотная прыбаўка пры выхадзе работніка на заслужаны адпачынак.
Але, канешне, яшчэ невядома, ці лёгка будзе пасля людзям скарыстацца гэтымі сродкамі. Таму гэта не вельмі распаўсюджана і папулярна сярод насельніцтва Беларусі, людзі ўжо прызвычаіліся не давяраць уладам і не верыць ім.
Кіраўнік раёна Вячаслаў Грышчанка сказаў, што ўлады робяць усё магчымае, каб людзі нараджаліся і жылі на Браслаўшчыне. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра стварэнне працоўных месц, будаўніцтва жылля, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, якаснае сацыяльнае абслугоўванне і забеспячэнне шырокага кола магчымасцей для цікавага і карыснага баўлення вольнага часу. «Мы працуем, каб наша насельніцтва не толькі не скарачалася, але і расло», – рэзюмаваў кіраўнік раёна.
Вось толькі кіраўнік раёна, канешне, замаўчаў тыя сумныя факты, што робіць улада з людзьмі, якія нязгодныя з іх палітыкай, чаму з’язджае моладзь, закрываюцца школы, прадпрыемствы, ідзе эканамічны спад. Бо пра гэта ва ўладзе казаць не прынята, гэта ж не павышае іх аўтарытэт.
Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі стан спраў у грамадскай бяспецы на тэрыторыі раёна, дзейнасць «Браслаў-камунальніка» па добраўпарадкаванні горада.
У сваю чаргу прысутныя задалі чыноўнікам шэраг пытанняў. Яны звярнулі ўвагу на неналежны стан вуліцы Савецкай на ўчастку ад касцёла да кальцавога скрыжавання, праблему грамадскіх прыбіральняў у горадзе, недахоп урнаў для смецця і прапанавалі ўключыць у перспектыўны план развіцця Браслава будаўніцтва тратуара ў бок новай забудовы ў мікрараёне Муражы.
Вераніка Граніна