Як паведамілі ва Ушацкім аддзеле адукацыі райвыканкама, яшчэ ў мінулым навучальным годзе ва ўсіх школах Ушаччыны былі праведзеныя адмысловыя анкетаванні, была вывучаная магчымасць набыцця рэчаў і іх кошт. У выніку ў траўні на бацькоўскіх сходах прынятыя канчатковыя рашэнні па тым, як у перспектыве будуць выглядаць прадстаўнікі кожнай канкрэтнай навучальнай установы.
Так, у Арэхаўне, Вялікіх Дольцах і Ільюшыне да ўжо прывычных сініх ці бардовых камізэлек са значкамі дадаюцца чорныя штаны і спадніцы. Ва Ушачах такі ж набор для дзяўчынак дапаўняецца чорным сарафанам. У Глыбачцы, дзе дагэтуль абавязковым быў гальштук з эмблемай школы, цяпер прадугледжаны камізэлька ці жакет цёмна-сіняга колеру.
Прадстаўнікі адукацыйнай сістэмы Ушаччыны нагадваюць бацькам і школьнікам пра тое, што не варта забывацца на дзелавы стыль. Пры наведванні вучэбных заняткаў не дапускаюцца спартыўныя адзенне і абутак, джынсы, рэчы з яркімі малюнкамі і надпісамі.
Але заўважаюць, што калі нехта з вучняў у Дзень ведаў прыйдзе не ў вызначаных абавязковымі элементах школьнай формы, караць не будуць. Аднак улады сцвярджаюць, што ўсё адно “ідэнтэфікацыя” стане абавязковай, таму лепш паклапаціцца пра яе загадзя і адсылаюць людзей на сайты ўсіх устаноў адукацыі, дзе размешчана карысная, на іх погляд, інфармацыя па тэме – з указаннем айчынных вытворцаў, каталогамі адзення.
Ірына Ус