Панядзелак, 03 Ліпень 2023

Пастаўскія падлеткі ўдзельнічалі ў ваенна-гістарычных зборах у Расеі “Барадзіно-2023”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Яны сфатаграфаваліся на фоне партрэта Сталіна, а іх настаўнік гісторыі Аляксандр Кузняцоў кажа, што  рады за падлеткаў, якія акунуліся ў паўармейскі асяродак і зразумелі, што такое будні салдата.

Чатыры падлеткі з Паставаў вярнуліся нядаўна ў родны горад пасля ўдзелу ў двух дзіцячых ваенна-гістарычных зборах “Барадзіно-2023”, якія праходзілі пад Масквой. Усяго ў гэтых мерапрыемствах удзельнічала каля 400 дзяцей з розных рэгіёнаў Расеі, ДНР і Беларусі.

Як піша сайт пастаўскай раёнкі, гімназісты Кірыл Жук, Яраслаў Бразоўскі, Раман Рубель і навучэнец сярэдняй школы №3 Антон Жураў удзячныя за гэта свайму настаўніку Аляксандру Кузняцову, які прапанаваў ім паехаць туды. Разам з пастаўскім хлопцамі на ваенныя дзіцячыя зборы ў Расею паехала і 11 падлеткаў з Мядзельшчыны.

Кожная змена збораў доўжылася 6 дзён, за гэты час падлеткі павінны былі справіцца з усімі нагрузкамі, якія іх чакалі. А яны ўключалі вышынную і страявую падрыхтоўку, пераадоленне паласы перашкод, агнявую, ваенную і медычную падрыхтоўку ды іншае. І ўсё гэта адбывалася ў незвычайных палявых умовах. Беларускія падлеткі правялі там дзве змены. Як піша пастаўская раёнка, абсалютна бескаштоўна, іх бацькі заплацілі толькі за дарогу.

У інструктарска-педагагічны і кіраўнічы склад летніка ўваходзілі ветэраны і дзеючыя супрацоўнікі падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння Росгвардыі, афіцэры запасу. Паводле настаўніка гісторыі Аляксандра Кузняцова, зносіны з імі станоўча адбілася на выхаваўчым працэсе юных удзельнікаў.

Вось такім чынам беларускую моладзь уцягваюць у падрыхтоўку да вайны на тэрыторыі краіны-агрэсара, і гэтым яшчэ ганарацца іх настаўнікі.

Лявон Гушча