Аршанка Інна Крачак сцвярджае, што «гэтаксама, як Савецкі Саюз, сёння Расея , а разам з ёй і Беларусь, супрацьстаяць блоку НАТА. Нагнятанне вайсковай сілы вакол межаў нашай суверэннай дзяржавы гаворыць аб намерах наблізіць межы за кошт нашай краіны да межаў Расейскай Федэрацыі». Падобныя разважанні пра геапалітыку маюць відавочную мэту: культываваць недавер беларусаў да ўсяго свету, апрача Расеі.
Спадарыня Крачак таксама ўхваляе размяшчэнне ресейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, апраздваючы гэта тэзай «Хочаш міру – рыхтуйся да вайны»: маўляў, ядзерная зброя – гэта надзейная абарона ад магчымай заходняй агрэсіі.
Уладзімір Андрэйчанка выказваецца на адрас заходніх краін выключна мовай варожасці, апускаючыся да спекулятыўных абагульненняў. Маўляў, 82 гады таму «пад фашыстоўскімі сцягамі, са свастыкай на форме на нашу зямлю хлынулі хвалі «просвещенных европейцев», якія ішлі «захопліваць, рабаваць і забіваць» народы СССР. «Смяротны канвеер забяспечваў дабрабыт Нямеччыны і яе еўрапейскіх сатэлітаў», а сёння высілкамі ЗША і іншых еўрапейскіх краін з гісторыі актыўна выкрэсліваецца ісціна пра тое, што Захад жыў і працягвае жыць за кошт рабавання і чужых рэсурсаў», лічыць Старшыня Палаты прадстаўнікоў. Андрэйчанка падкрэслівае, што прыкметы «чарговага паходу на Усход» – гэта санкцыі супраць Беларусі і Расеі, а таксама «ціск, крадзяжы, забіранне маёмасці, мілітарызацыя і вайсковая экскалацыя» - гэтыя тэрміны выкарыстоўваюцца зусім ужо без падмацавання прыкладамі, а таму гучаць проста як абразлівыя ідэалагічныя штампы...
У тым, што дзяржСМІ далі слова менавіта гэтым асобам, відавочна праглядаецца ідэя піяру Уладзіміра Андрэйчанкі і Інны Крачак напярэдадні будучых выбараў у Палату прадстаўнікоў. З улікам таго, што беларусы чытаюць далёка не адну дзяржаўную прэсу, затлуміць ім галаву падобнымі бруднымі прыёмамі вельмі праблематычна. З іншага боку, любыя выбары ў Беларусі праходзяць настолькі «элегантна», што Палата прадстаўнікоў ў любым выпадку будзе сфармавана патрэбным чынам. Таму негатыўныя выказванні пра «Захад» - гэта не меркаванні аўтарытэтных асобаў, да якіх нехта прыслухоўваецца, а хутчэй дэманстрацыя ўласнага жадання дагадзіць таму, хто сам ужывае падобную рыторыку з высокіх трыбун.
Станіслаў Іваноўскі