Падчас мерапрыемства вядзецца адбор проб сыравіны і гатовай прадукцыі для правядзення даследаванняў паказчыкаў якасці і бяспекі ў лабараторыях цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, а таксама прыняцця мер адносна суб'ектаў гаспадарання, якія дапусцілі парушэнне.
У Лепелі памочнік урача-гігіеніста ДУ "Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" Вольга Хацкевіч правяла пазапланавы маніторынг у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва і праверыла краму "Еўраопт".
Такім чынам яна выявіла неналежныя ўмовы захоўвання кулінарнай прадукцыі. Напрыклад, батончыкі тварожныя, міні-сырнікі, чабурэкі на піве захоўваліся пры тэмпературы навакольнага асяроддзя +20, а павінны пры +2 - +6.
Таксама пры рэалізацыі нефасаваных у спажывецкую ўпакоўку сухафруктаў, печыва, арэхаў без шкарлупіны метадам самаабслугоўвання ў краме не былі забяспечаныя ўмовы для абароны іх ад забруджвальных рэчываў. Адкрытыя каробкі з прадукцыяй былі размешчаны паміж гандлёвымі радамі па ходзе руху пакупнікоў.
Акрамя гэтага, ажыццяўлялася наклейванне стыкераў на ўпакоўку прадукцыі ў месцы, дзе ўказаны склад прадукту, дата вырабу, тэрмін прыдатнасці, умовы захоўвання.
Да рэалізацыі была прапанавана прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці і без указання даты ўскрыцця герметычнага пакавання прадпрыемства-вытворцы (тэрмін прыдатнасці для дадзенай прадукцыі вылічаецца менавіта ад даты ўскрыцця).
За пералічаныя ды іншыя парушэнні дырэктара крамы “Еўраопт” у Лепелі аштрафавалі на 5 базавых велічынь.
Сяргей Азёрны