Рыторыка газетных матэрыялаў засталася практычна тая самая. Усе выказванні спрэс ухвальныя, і з іх вынікае, што слухачы і гледачы атрымалі сапраўднае задавальненне ад паслання.
«Пасланне прэзідэнта да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, на мой погляд, павінна ўвайсці ў гісторыю, – піша рэдактарка віцебскай гарадской газеты «Віцьбічы» Дзіяна Курыла. – У ім упершыню сфармулявана нацыянальная ідэя».
Прарэктар па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце віцебскага медычнага ўніверсітэту Наталля Балтрушэвіч, натхніўшыся пасланнем, разважае пра неабходнасць рыхтаваць адмыслоўцаў, якія будуць не толькі валодаць высокімі прафесійнымі кампетэнцыямі, але « патрыётамі, якія ганарацца сваімі каранямі, і гатовыя стаяць на абароне незалежнасці дзяржавы».
Кіраўніца свінаводчага комплексу з Бешанковіччыны Любоў Міхаўлоўская распавяла «раёнцы», што «пасланне глядзела і потым не раз пераглядала». Бо Аляксандр Лукашэнка, на яе думку, сказаў усе «дакладна, проста і жыццёва», «ахапіў усе пытанні, якія тычацца жыцця людзей, з іх самае галоўнае – гэта каб было мірнае неба над галавой, каб былі шчаслівыя дзеці і квітнела краіна». Дзеля гэтага дэпутатка Вярхоўскага сельсавету гатовая «аддаваць усе сілы, працаваць, каб наша сяло, нашы аграгарадкі развіваліся, каб сюды прыходзіла моладзь», якой старэйшае пакаленне «падставіць плячо, падкажа, навучыць і перадасць усе лепшае». Любоў Міхайлоўская абяцае «вялікія прывесы, пагалоўе – каб расло» і жадае ўсім сельскім працаўнікам моцнага здароўя.
"Простая жыхарка" Чашнікаў, а насамрэч рэдактарка раеннага радые Алена Бакан сцвярджае, выступ Лукашэнкі апраўдаў се ейныя чаканні, што кіраўнік дзяржавы "патлумачыў міжнародныя працэсы і прагадаў гістарычныя факты - і пандэмію, і 2020 год, калі перамагла кансалідацыя народу". І што "было ўказана шмат накірункаў, у якіх мы мусім прыбавіць і прырасці, і тыя патрабаванні, якія Лукашэнка вызначыў, кладуцца ў праграму нашага развіцця".
Дзяржаўныя СМІ Віцебшчыны ўпершыню надаюць столькі ўвагі пасланню Лукашэнкі да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Постфактумныя артыкулы, мабыць, разлічаны на тое, каб данесці значнасць падзеі да тых, хто не правеў 31 сакавіка некалькі гадзін перад тэлевізарам. А можа, і да тых, хто паглядзеў пасланне, але не заўважыў у ім нічога значнага, гістарычнага і векапомнага.
Таццяна Віктарава