Новабуд быў здадзены ў эксплуатацыю летам мінулага года. На фоне іншых новых дамоў, пабудаваных у Браславе апошнім часам, ён выгадна адрозніваўся наяўнасцю ліфта, што неаднаразова ўлады падкрэслівалі ў розных крыніцах.
Але паводле жыхароў, гэты механізм ім недаступны: з моманту здачы дома ён ні дня не працаваў.
«Я маці траіх дзетак, а жывём мы на чацвёртым паверсе. Даволі цяжка паднімацца, калі на руках сумкі і дзіця, - кажа Вікторыя, якая нядаўна засялілася ў новую кватэру. - Да таго ж лесвіца ідзе вакол шахты ліфта, што падаўжае шлях. Ды і сам яго кошт, напэўна, уключаны ў выніковы кошт кватэры. За карыстанне ім хаця б пакуль рахунак не выстаўляюць…».
На зварот людзей жыллёва-камунальная гаспадарка "Браслаў-камунальнік" адказала, што згодна з рашэннем аблвыканкама ўся сумесная маёмасць у шматкватэрных дамах Браслаўскага раёна перададзена на абслугоўванне Дзяржаўнаму прадпрыемству "Наваполацкая кіруючая кампанія". Менавіта гэта структура выступае заказчыкам шырокага спектра адпаведных паслуг, у тым ліку - абслугоўвання ліфтавай гаспадаркі. Іншымі словамі, яна павінна падабраць выканаўцу прац, аформіць з ім узаемаадносіны і кантраляваць якасць зробленага. Аднак з невядомых прычынаў гэтага не адбылося.
Але чаму ў выніку павінны цярпець звычайныя людзі? Быць можа, кіруючай кампаніі варта было б праявіць паваротлівасць у рашэнні гэтай праблемы? Задаюцца пытаннямі браслаўчане, на якія пакуль не маюць адказаў.
Інга Сташэўская