Субота, 02 Май 2015

КДК пакараў кіраўнікоў Віцебшчыны, якія затрымлівалі зарплату

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласьці правёў праверкі ў арганізацыях рэгіёну своечасовасьці выплаты заработнай платы і праўдзівасьці яе адлюстраваньня ў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці, а таксама разгледзеў звароты грамадзян аб фактах нявыплаты зарплаты, якія паступілі ў першым квартале.

 

У шэрагу раёнаў былі выяўленыя парушэньні існуючага парадку выплаты зарплаты, а таксама факты ўтойваньня рэальнага становішча спраў. Так, па дадзеных статыстыкі на 1 сакавіка 2015 году пратэрмінаваная запазычанасьць па выплаце заработнай платы за студзень у арганізацыяў Лёзьненскага раёну адсутнічала. Разам з тым праверкамі выяўленыя парушэньні тэрмінаў выплаты зарплаты на агульную суму 1,3 мільярду рублёў у чатырох сельскагаспадарчых арганізацыях, якія да таго ж не падалі справаздачнасьць аб пратэрмінаванай зарплаце ў органы статыстыкі.

Напрыклад, у ААТ «Барсеева» заробак за студзень фактычна была выплачаны толькі 2 і 5 сакавіка. Пры гэтым кіраўніцтва ААТ «Барсеева», дакладна ведаючы пра неабходнасьць своечасовай падачы ў органы дзяржаўнай статыстыкі справаздачы аб пратэрмінаванай запазычанасьці па заработнай плаце, зрабіла справаздачу аб яе наяўнасьці толькі пасьля распачатай праверкі КДК. Пры гэтым варта адзначыць, што за непадачу дзяржстатсправаздачнасьці аб пратэрмінаванай запазычанасьці па заработнай плаце дырэктар ААТ «Барсеева» раней ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, як і галоўны бухгальтар таварыства (тройчы).

Аналягічна, нягледзячы на наяўнасьць пратэрмінаванай запазычанасьці за студзень, не падалі неабходную дзяржстатсправаздачнасьць ААТ «Лёзьненскі райаграсэрвіс», ААТ «Новая Дуброва-Агра» і КУСП «Крынкі». Як паказала праверка, Лёзьненскім райвыканкамам не забясьпечваўся належны кантроль за выкананьнем згаданымі суб’ектамі гаспадараньня раёну патрабаваньняў заканадаўства аб працы і не прымаліся вычарпальныя меры па недапушчэньні ўтойваньня рэальнага становішча спраў з выплатай зарплаты, паведамляе прэс-служба КДК.

Кіраўнікі прадпрыемстваў, на якіх выяўленыя парушэньні парадку і тэрмінаў выплаты зарплаты, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. Матэрыялы па фактах непадачы ў дзяржаўныя статыстычныя органы справаздачнасьці формы 12-т (запазычанасьць) «Справаздача аб пратэрмінаванай запазычанасьці па заработнай плаце» накіраваныя ў праваахоўныя органы для прававой ацэнкі дзеяньняў службовых асоб.

Аналіз вынікаў праверкі быў зроблены на паседжаньні калегіі Камітэту дзяржкантролю Віцебскай вобласьці. Калегія прапанавала Віцебскаму аблвыканкаму, старшыням гар- і райвыканкамаў: даць прынцыповую ацэнку кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацыяў, якія дапусьцілі парушэньні заканадаўства аб працы і дзяржаўнай статыстыцы; прыцягнуць вінаватых асоб да дысцыплінарнай адказнасьці аж да вызваленьня ад пасады (з улікам патрабаваньняў дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.12.2014 № 5); забясьпечыць жорсткі кантроль за выкананьнем суб’ектамі гаспадараньня патрабаваньняў заканадаўства і прыняць меры па недапушчэньні фактаў утойваньня рэальнага становішча спраў аб сытуацыі з выплатай зарплаты на тэрыторыі раёнаў.

Паводле дадзеных на 1 красавіка ў 195 арганізацыях Віцебскай вобласьці мелася пратэрмінаваная запазычанасьць па заработнай плаце, што складае 37% ад 518 арганізацыяў, якія завінаваціліся сваім работнікам па ўсёй краіне.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска