Чацвер, 23 Люты 2023

У Глыбокім напярэдадні 23 лютага ўлады стварылі ваенны клуб «Северный»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Глыбоцкім гарадскім Доме культуры напярэдадні 23 лютага адбылося мерапрыемства, прысвечанае стварэнню ваенна-патрыятычнага клуба "Северный". Як піша “Веснік Глыбоччыны”, гэта быццам моладзевае патрыятычнае фармаванне, але акрамя навучэнцаў устаноў адукацыі горада, туды ўвайшлі іх бацькі, сябры і аднакласнікі, а таксама ваеннаслужачыя кантрактнай службы 2-га асобнага стралковага батальёна в/ч 5524, які абслугоўвае глыбоцкую калонію асаблівага рэжыму №13, на базе якога і створаны гэты клуб. Кіраўніком клуба стаў намеснік камандзіра 2-га асобнага стралковага батальёна па ідэалагічнай працы маёр Расціслаў Сабыніч.

З глыбоцкай моладзі ў клуб ўступілі ў асноўным дзеці сілавікоў, чыноўнікаў райвыканкама, а таксама тых, хто заўзята падтрымлівае дзеючую ўладу, былі таксама заўважныя і тыя, хто ўчыніў злачынства, але не быў прыцягнуты да адказнасці па невядомых прычынах.

Паводле “раёнкі”,  моладзь, якая ўвайшла ў клуб, рабіла клятву, але каму і які змест быў гэтых словаў, у гэтым СМІ не агучваецца. Незразумела ўвогуле, ці разумеюць самі маладыя хлопцы і дзяўчаты, куды яны ўступілі і чым будуць там займацца. Бо іх выказванняў на гэты конт “Веснік Глыбоччыны” не падае.

Праўда адзначаецца, што старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца паведаміла, што моладзь будзе авалодваць там навыкамі ваеннай справы і атрымліваць урокі грамадзянскасці, мужнасці і патрыятызму. Вядома, якім чынам гэта будзе зараз адбывацца ў Беларусі.

На гэтую імпрэзу таксама прыехалі начальнік аддзялення грамадзянска-патрыятычнага выхавання ўпраўлення ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі палкоўнік Уладзімір Пархомцаў, ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Краснадубскі. І нават, як і заўжды цяпер, не абышлося без праваслаўнага святара. Там прысутнічаў клірык сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы г. Глыбокае, протаіерэй Мікалай Войтаў. Як піша “раёнка”, ён блаславіў іх на добрую справу і выказаў найлепшыя пажаданні. Дарэчы, ксяндзы на падобных імпрэзах не былі заўважныя: ці яны самі ігнаруюць падобныя недарэчныя імпрэзы, ці іх улады не запрашаюць – невядома.

Як піша “Веснік Глыбоччыны”, дэвіз чальцоў клуба гучыць наступным чынам: «Калі Радзіма кліча, клуб «Северный» першым пойдзе ў бой! Калі Радзіма загадае, клуб «Северный» моц сваю пакажа». На імпрэзе гэтыя словы прагучалі з вуснаў маладой дзяўчыны Лізаветы Зарэмба.

З гэтага вынікае выснова, што ў выніку ваеннага канфлікту, глыбоцкія ўлады гатовыя кінуць першымі ў бой нават чатырнаццацігадовых дзяцей, якія ўвайшлі ў склад клуба “Северный”.

Інга Сташэўская