Дастаткова хаця б бегла прагледзець сайт гарадоцкай «раёнкі», каб пераканацца, што якіх-кольвек вострых праблемных тэмаў яна практычна не ўздымае. Максімум – гэта звесткі пра затапленне падвала ў філіяле Пальмінскага дома культуры (і пра тое, што «праблема ўжо вырашаецца»), адсутнасць дарогі ў новым мікрараёне (з абяцаннем «чакаць вясны і сачыць за развіццём сітуацыі»), прэтэнзіі да якасці пітной вады ( з каментаром адказнага чыноўніка пра «распрацаваны комплекс мер») і гэтак далей. Чытачы ўжо звыклі да падобнай дэмагогіі, таму колькасць праглядаў падобных артыкулаў невысокая – рэдка сягае за дзве сотні, хаця ў Гарадоцкім раёне налічваецца 21 644 жыхароў, з іх амаль 12 тысяч жывуць у самім райцэнтры.
Таксама Уладзімір Пярцоў параіў «працаваць у тым інфармацыйным полі, якое цікавіць вашу аўдыторыю». Мяркуючы па колькасці праглядаў артыкулаў «раёнкі», яе аўдыторыю ўвогуле мала што з цікавіць з прапанаванага рэдакцыяй, а апошні чытацкі каментар датуецца 31 снежня мінулага году. Дарэчы, гэта каментар да інтэрв’ю са старшынём райвыканкаму, і ён не ўхвальны: пенсіянерка, жыхарка Гарадка, скардзіцца на якасць уборкі снегу…
Апошнім часам Уладзімір Пярцоў даволі часта наведвае Віцебшчыну, раздаючы ўказанні і парады. Напрыканцы студзеня ён наведаў Наваполацк, у пачатку лютага ўзяў удзел у адкрыцці абласнога медыяцэнтра. З ягоных выказванняў, якія істотна не адрозніваюцца ў залежнасці ад месца выступу, вынікае адно: міністр інфармацыі канстатуе, што асвятленнем недахопаў у жыцці краіны займаюцца пераважна недзяржаўныя СМІ. І людзі, якія бачаць нявырашаныя праблемы на ўласныя вочы, куды больш давяраюць гэтым «дэструктыўным сацыяльным медыям», як іх называе Пярцоў, чымсьці дзяржаўным інфармацыйным рэсурсам, дзе пішуць толькі пра «росквіт» і «стабільнасць».
Лявон Каляда