Чацвер, 16 Люты 2023

У Глыбоцкім раёне ўлады правялі ўстаноўчы сход па стварэнні палітычнай партыі «БЕЛАЯ РУСЬ»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як піша раённая газета “Веснік Глыбоччыны”, на сходзе было разгледжана пытанне аб правядзенні ўстаноўчага сходу па стварэнні гэтай праўладнай партыі, абраны старшыня і сакратар устаноўчага сходу і вылучаны дэлегаты на ўстаноўчы з'езд па стварэнні палітычнай партыі.

Як выказалася старшыня раённай арганізацыі "Белая Русь" і начальнік аддзела адукацыі Таццяны Гаўрылава, неабходнасць стварэння палітычнай партыі ў краіне быццам адчувалася даўно, і для вырашэння гэтай задачы былі зробленыя канкрэтныя крокі, падрыхтаваны пэўны падмурак.

“І сёння, калі грамадзянская супольнасць у краіне з'яўляецца дастаткова сталай для таго, каб будаваць партыйную сістэму, ёсць неабходнасць у моцнай палітычнай партыі, якая будзе выказваць і абараняць інтарэсы беларускага народа і дзяржавы”, - сказала чыноўніца.

Падчас  устаноўчага з'езда па стварэнні партыі з працоўнай назвай «Беларуская палітычная партыя «Белая Русь» ад Глыбоцкага раёна прысутныя ў залі вырашылі накіраваць Таццяну Гаўрылаву, старшыню Глыбоцкай раённай арганізацыі «Белая Русь» і начальніка аддзела адукацыі, таксама Веру Цяліцу, старшыню Глыбоцкага савета дэпутатаў, і дырэктара філіяла "Глыбоцкія электрычныя сеткі" Алега Апяцёнка. Вядома, а як жа інакш, бо ў залі галасавалі ў асноўным падначаленыя гэтых кандыдатаў, а менавіта сярод іх было шмат дырэктараў школ, настаўнікаў, культурных работнікаў ды іншых. А за іх галасаваннем пільна сачыла, нават бачна гэта па фота з падзеі, намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч.

Як піша “раёнка”, ва ўстаноўчым з'ездзе, дзе будзе створана новая праўладная партыя, прымуць удзел каля тысячы дэлегатаў. Ён пройдзе 18 сакавіка ў Менску.

 Інга Сташэўская