Як паведаміла загадчыца Пастаўскай ЦРБ Таццяна Дацэнка, у іх установе, як і ва ўсіх, існуе дэфіцыт кадраў.
Гэта зразумела, бо ўсе ведаюць чаму існуе гэта дэфіцыт, асабліва пасля апошніх падзеяў у Беларусі, калі пераследавалі лекараў, якія мелі сумленне і не пагадзіліся з тым, што рабіў з людзьмі рэжым Лукашэнкі. Усе мы ведаем, што лепшыя лекары з’ехалі за мяжу, большасць – у Польшчу. Там ім плацяць у разы большыя заробкі і ніхто не пераследуе за іх пазіцыю.
На дадзены момант ва ўстанове, па словах кіраўніка, у дэкрэтным адпачынку знаходзяцца 32 чалавека, 14 з іх - лекары. Відаць, яны мяркуююць, што цяпер лепш сядзець у дэкрэце, чым працаваць у гэтай установе.
Кардыёлаг у акрузе ўвогуле працуе на 0, 5 стаўкі і з’яляецца пазаштатным сумяшчальнікам і не паспявае прымаць пацыентаў у вызначаны тэрмін. Гэта з улікам таго, што ў раёне шмат людзей сталага зросту.
Пакуль у загадчыцы ўсе спадзяванні на маладых, на тых, хто вучыўся па мэтавых накіраванях. Таксама яна спадзяецца на тое, што з дэкрэтнага адпачынку вернуцца лекары назад на свае месцы працы.
Цяпер у Пастава няма і оталарынголага. Лекар агульнай практыкі паехала вучыцца гэтай спецыяльнасці, прыедзе – таксама будзе працаваць па сумяшчальніцтву. Таму, калі даросламу чалавеку забалела вуха ці горла, то прыём бліжэйшага Лора, як кажуць па-простаму ў народзе, будзе толькі праз 147 км у Полацку. Але і тут не ўсё так проста – на гэта пастаўчанам даецца толькі адна гадзіна. Іх будуць прымаць там толькі з 11 да 12 гадзін два разы на тыдзень. І гэта не ў суботу ці нядзелю, атрымліваецца яшчэ той квэст, каб туды трапіць.
Ёсць, канешне, іншы варыянт – паехаць у Мінск у прыватны цэнтр. Але гэты варыянт у асноўным для заможных, бо там прыём каштуе амаль 50 рублёў. Ды і Мінск ад Паставаў знаходзіцца на адлегласці 200 кіламетраў, таму яшчэ патрабуюцца выдаткі на дарогу.
Пастаўчане яшчэ пыталіся пра стаўку лекара-гастраэнтэролага. Але, як адказала загадчыца паліклінікі, такога лекара ў Паставах не будзе, бо гэта не прадугледжана ўладамі. Для атрымання кансультацый трэба ехаць у Віцебскі дыягнастычны цэнтр, які, зноў жа заўважым, знаходзіцца ад Пастаў далей нават за Менск. Туды трэба пераадолець адлегласць у 250 кіламетраў.
Наконт таго, што да вузкага спецыяліста можна трапіць толькі праз прыём у лекара агульнай практыкі, Таццяна Дацэнка спасылаецца на тое, што такі алгарытм прадугледжаны загадам Міністэрствам аховы здароўя.
“Раёнка” звяртае ўвагу і на тое, што існуе вялікая праблема з талонамі, на што скардзяцца ім чытачы. Асабліва цяжка ўзяць талон тым, хто жыве ў сельскай мясцовасці. Некаторыя людзі задаюцца пытаннем: дык, каб узяць талон у Паставах, то трэба ехаць уначы? А яшчэ людзі скардзяцца на тое, што нават калі ўзяты талон, але чарга рухаецца на па часе і ім даводзіцца вельмі доўга чакаць прыёму да лекара.
На што Таццяна Дацэнка адказвае, што бываюць экстранныя выпадкі, якія могуць зацягнуцца нават да 40 хівілін, калі трэба аказваць неадкладную дапамогу пацыенту. Таму графік прыёму і ссоўваецца. Але ў асноўным яна вінаваціць саміх пацыентаў, якія, нягледзячы на ўзятыя талоны, усё адно ствараюць жывую чаргу альбо прыходзяць у іншы час.
Вось такія справы з медыцынскім абслугоўваннем у Паставах. Але вядома, што падобную карціну можна назіраць амаль у любым райцэнтры Віцебскай вобласці. А недахоп лекараў – гэта ўвогуле праблема ўсёй Беларусі. А хто стварыў такую сітуацыю ў краіне? Усім нам вядома.
Інга Сташэўская