У 2014 года заклік ствараць аграсядзібы прагучаў з вуснаў самога Аляксандра Лукашэнкі. Ён казаў, што варта выкупіць закінутую хаціну, каб адрадзіць неперспектыўную вёску аж да стварэння ў ёй фермерскай гаспадаркі. Аднак высветлілася, што ехаць на адпачынак у вёску без інтэрнэту і добрага транспартнага злучэння не вельмі шмат ахвотных.
Дый пачаць агратурыстычны бізнес «з нуля» становіцца ўсё цяжэй, бо сёння ён патрабуе вельмі істотных грашовых укладанняў. Між тым, калі вядзецца пра падтрымку раённага бюджэту, то малыя аграсядзібы маглі б стаць стабільнай крыніцай прыбыткаў. Бо Расоншчына шчодра адорана прыроднымі багаццямі і мае найменшую колькасць насельніцтва ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі вобласці. Дзе, які не тут, наведнікі змаглі б знайсці ўмовы для спакойнага адпачынку? Да таго ж раён мяжуе з Расейскай Федэрацыяй, і менавіта расейскія турысты гатовы плаціць грошы за недарагі адпачынак у Беларусі. Але ж усё атрымліваецца наадварот: аграсядзібы знікаюць, прадпрымальніцтва гібее, працоўных месцаў у гэтым бізнесе застаецца ўсё меней, і грошай бюджэт не атрымлівае.
Апошняе патрабаванне да аграсядзібаў – каб яны «не ператвараліся ў гатэлі». Чыноўнікі вырашылі, што гаспадары атрымліваюць зашмат грошай, размяшчаючы гасцей, каб плаціць падаткі як за адпачынак у вясковай хаце. Да ўвагі не бярэцца тое, колькі сродкаў трэба выдаткаваць на стварэнне камфортных умоваў для наведнікаў – тое ж пранне бялізны ці гатаванне ежы, на бягучы рамонт, на ўтрыманне мінімальнага набору забаваў, на рэкламу сваіх паслуг. Людзі, занятыя ў агратурыстычным бізнесе, укладаюць не малыя грошы ва ўпарадкаванне прылеглых да сядзібаў тэрыторыяў, рамантуюць дарогі, удасканальваюць інфраструктуру. Да ўсяго, для агратурызму існуюць правальныя месяцы, калі турыстаў зусім няма – гэта лістапад, снежань, люты, сакавік.
Сёлета да 1 ліпеня ўладальнікі беларускіх аграсядзіб павінны прайсці пераатэстацыю: іх наведаюць раённыя камісіі, якія вызначаць, ці дазволіць агратурыстычную дзейнасць аб’екта, ці не. У многіх гаспадароў ужо ёсць сумневы ў атрыманні такіх дазволаў, бо іх найперш будуць выдаваць толькі «правераным» і «добранадзейным».
Эксперты не выключаюць, што ад новаўвядзенняў могуць збанкрутаваць да 17% ад наяўнай колькасці аграсядзібаў, хаця гэты від бізнесу да 2022 года лічыўся самай ільготнай сферай дзейнасці ў Беларусі.
Лявон Каляда