Нядзеля, 29 Студзень 2023

З якімі тварамі глыбоцкія чыноўнікі абмяркоўвалі дырэктыву Лукашэнкі?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як піша “Веснік Глыбоччыны”, на чарговым пасяджэнні Глыбоцкага рйвыканкама абмеркавалі ход выканання патрабаванняў дырэктывы Лукашэнкі нумар 1 "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны". Але на тварах чыноўнікаў, якія прысутнічалі ў зале, не знікала цень заклапочанасці.

На пасяджэнне былі нават запрошаныя намеснік Міністра МНС Беларусі Анатоль Далгалевец, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі Сяргей Мялешкін, яго першы намеснік Андрэй Гаўрыленка, а таксама начальнік Глыбоцкага РАНС Васіль Завадскі.

Падчас мерапрыемства намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Канстанцінава распавядала пра дзейнасці раённай камісіі па ахове працы па папярэджанні вытворчага траўматызму і забеспячэнні ўмоў і аховы працы працуючых. Але па факце, як кажуць рабочыя, любую траўму на вытворчасці стараюцца прыхаваць пад бытавую. І дзяржаўная статыстыка значна разыходзіцца з тым, што адбываецца на самой справе.

Пра забеспячэнні грамадскай бяспекі, прафілактыкі п'янства і алкагалізму, суіцыдальных паводзін грамадзян распавяла намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч. Праўда, невядома, як яны будуць усё гэта забяспечваць. Нядаўна, да прыкладу, у Глыбокім памёр 50-гадовы мужчына якраз па прычыне празмернага ўжывання алкаголю, а лекары псіхіатры-нарколагі ў горадзе на прыёмах змяняюцца так часта, што пацыяенты за гэтым не паспяваюць нават сачыць.

Намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Андрэй Голубеў закрануў пытанні арганізацыі работы па забеспячэнні дарожнай, пажарнай і прамысловай бяспекі на суб'ектах гаспадарання раёна. Дарэчы, адна з галоўных тэмаў, якая хвалюе глыбачанаў, – гэта стан дарог у горадзе і раёне.

Мяркуючы па тым, што “Віцебскаўтадор” сёлета на ўтрыманне, рамонт і будаўніцтва дарог у Віцебскай вобласці выдзеліў больш за 116 мільёнаў беларускіх рублёў, дарогі ў Глыбокім і раёне павінны быць у належным стане.

Таксама пра сваю прафілактычную работу па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын на пасяджэнні выканкама расказалі начальнік Глыбоцкага РАНС Васіль Завадскі і кіраўнік Глыбоцкай раённай арганізацыі РГА "Асвод" Валерый Шабан. Але нягледзячы на ўсе намаганні чыноўнікаў, у Глыбокім і раёне працягваюць гінуць людзі па розных прычынах. Апошні падобны выпадак здарыўся якраз 20 студзеня.

Мяркуючы па фотаздымках, гэтыя ўсе пытанні надта хвалююць мясцовых чыноўнікаў, і яны задумваюцца аб іх вырашэнні нават падчас пасяджэння.

Інга Сташэўская