Паводле логікі, законы не маюць зваротнай сілы, і таму любыя дзеянні ў гэтай суполцы да 23.12.2022г., пакуль яна не была прызнана «экстрэмісцкай», не могуць расцэньвацца як парушэнне заканадаўства. Але ў Беларусі, дзе «іншым разам не да законаў», былі ўжо сотні прыкладаў таго, як людзей каралі за рэпосты, зробленыя яшчэ задоўга да прызнання пэўных крыніц «экстрэмісцкімі» інфармацыйнымі рэсурсамі. Прадстаўнік Докшыцкай пракуратуры і «раёнка» гэта пацвердзілі.
Рэдакцыя газеты нагадвае мясцовым жыхарам, што яшчэ раней у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкай прадукцыі былі ўнесеныя Telegram-суполкі «Докшицы для жизни!» и «Begoml». І таму рэкамендуе адпісацца ад гэтых рэсурсаў, «каб не стаць выпадковым распаўсюднікам забароненай інфармацыі».
Што да суполкі «Докшицы Live», то паводле краязнаўцы Канстанціна Шыталя, гэта пераважна мясцовая «барахолка», дзе размяшчаюцца аб’явы ад карыстальнікаў, водгукі на працу крамаў, допісы пра розныя здарэнні і гэтак далей. Спадар Шыталь, да прыкладу, іншы раз публікаваў там краязнаўчыя нарысы, а значыць, быў «актыўным удзельнікам», паводле класіфікацыі пракуратуры. На падставе такога свайго «статусу» ён адкаментаваў артыкул, напісаўшы «Прывітанне з Беластоку», бо ўжо некалькі гадоў ён вымушана жыве ў Польшчы.
Аднак рэдакцыя сайта «раёнкі» вырашыла схаваць ягонае імя і прозвішча, добра вядомыя ў рэгіёне. Каментар апынуўся надрукаваным пад прыдуманым супрацоўнікамі псеўданімам «беглый белорус». І да яго ўжо з’явіўся пагрозлівы адказ: «Не спяшайцеся радавацца».
Лявон Каляда