У Mіністэрстве падаткаў і збораў паведамляюць, што абноўленым Падатковым кодэксам увялі істотныя змены ў правяранне выдаткаў і даходаў фізічных асоб, якія больш за пяць гадоў лічыліся незанятымі ў эканоміцы.
Падаткавікі будуць па-новаму праводзіць правяранне адпаведнасці выдаткаў даходам фізічных асоб, якія як мінімум пяць гадоў бесперапынна лічацца незанятымі ў эканоміцы і ўключаныя ў базу «дармаедаў». Прасцей кажучы, гаворка пра тых, хто паводле звестак чыноўнікаў афіцыйна не працаваў больш за пяць гадоў і не ўдзельнічаў у фінансаванні выдаткаў дзяржавы. Менавіта для гэтых людзей і ўвялі змену, якая тычыцца праверак адпаведнасці даходаў і выдаткаў.
Для такіх «дармаедаў» пры правяранні іхніх даходаў і выдаткаў не будуць уключаць у грашовыя паступленні падораныя сродкі, атрыманыя пазыкі, а таксама перададзеныя на захоўванне грошы.
Вынятак зрабілі для такіх даходаў, якія былі атрыманыя ад сваякоў, у тым ліку бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясцёр, баб і дзядоў. Але такія даходы не маюць быць звязаныя з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Але і тут прапісалі абмежаванне. Агульная сума такіх грашовых паступленняў ад сваякоў не мае перавышаць 100 базавых адзінак (на сёння гэта 3700 рублёў) на працягу года, у адваротным выпадку давядзецца заплаціць падаходны падатак 10%. Гэты збор будуць браць з сумы перавышэння. Фактычна можна гаварыць пра ўвядзенне новага падатку на «дармаедства».
Нагадаем, у Беларусі ёсць так званы падатак на пазыкі. Паводле яго падаходным падаткам абкладаюцца пазыкі, крэдыты ад іншых фізічных асоб, якія не з'яўляюцца ІП, а таксама ад замежных арганізацый (якія не ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі праз сталае прадстаўніцтва), замежных ІП. Падатак - 13%. Пры поўным вяртанні пазыкі выплачаны даўней падаходны падатак вяртаюць.
Калі ж грошы на куплі пазычылі блізкія сваякі і гэта паказана ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці, то плаціць падатак не трэба. Прычым незалежна ад сумы пазыкі. Але з «дармаедаў» цяпер пастанавілі спаганяць такі падатак.
Сяргей Ільін