Органы пракуратуры вывучылі пытаньні выкананьня заканадаўства ў аграпрамысловым комплексе вобласьці ў пэрыяд правядзеньня вясновых палявых работ і канстатуюць, што зробленыя захады арганізацыйнага характару дазволілі пазьбегнуць надзвычайных сытуацыяў на сельскагаспадарчых аб’ектах і на працоўных месцах. Паводле апэратыўных дадзеных Віцебскага абласнога ўпраўленьня дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы ў пэрыяд правядзеньня пасяўных работ няшчасных выпадкаў на вытворчасьці не было.
У той самы час вынікі пракурорскіх праверак і аналіз дадзеных эканамічнага разьвіцьця сельскагаспадарчай галіны сьведчаць пра няпростае фінансавае становішча аграрных прадпрыемстваў. “Цяжкая сытуацыя склалася ў Браслаўскім, Гарадоцкім, Лепельскім, Мёрскім, Талачынскім і іншых раёнах”, – адзначыла Вольга Грыцкевіч.
Так, з прычыны адсутнасьці грашовых сродкаў зацягваліся тэрміны выкананьня пасяўных работ у ААТ “Гарадоцкі райаграпрамснаб”. Падчас праверкі на прадпрыемстве выяўленыя чатыры факты допуску да ўдзелу ў дарожным руху транспартных сродкаў, якія не прайшлі дзяржаўнага тэхнічнага агляду і маюць няспраўнасьці. “Службовыя асобы акцыянэрнага таварыства не праводзяць работу па ўмацаваньні транспартнай дысцыпліны вадзіцеляў і мэханізатараў прадпрыемства, адказная асоба за выпуск аўтатранспарту на лінію не прызначаная, адсутнічаюць загады аб стварэньні камісіі па бясьпецы дарожнага руху”, – адзначыла старшы пракурор.
Не адзінкавыя факты невыкананьня патрабаваньняў Дырэктыў №1 і №3. У гэтай частцы множныя грубыя парушэньні выяўленыя ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць прадпрыемства складае больш за 90 мільярдаў рублёў, аднак належных мер па фінансавым аздараўленьні акцыянэрнага таварыства не прымаецца. Кіраўніцтва гаспадаркі парушае патрабаваньні заканадаўства аб захаванасьці ўласнасьці, аб прыцягненьні работнікаў да матэрыяльнай адказнасьці за шкоду, прычыненую арганізацыі неправамернымі дзеяньнямі або бязьдзейнасьцю падчас выкананьня імі працоўных абавязкаў. “Належная ахова матэрыяльных каштоўнасьцяў на прадпрыемстве не арганізаваная. З пачатку бягучага году з аб’ектаў гаспадаркі зьдзейсьненыя чатыры крадзяжы маёмасьці”, – падкрэсьліла старшы пракурор.
Праверкі выявілі таксама тыповыя парушэньні: ігнаруюцца нормы бясьпекі падчас правядзеньня агнявых работ, тэхніка і будынкі ня цалкам забясьпечаныя першаснымі сродкамі пажаратушэньня, адсутнічае ахова ад маланак.
Усяго за пэрыяд правядзеньня вясновых палявых работ па выніках праведзеных праверак органы пракуратуры ўнесьлі 32 прадстаўленьні, 22 прадпісаньні, на запатрабаваньне пракурораў да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнутыя 9 службовых асоб, 46 асоб прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці.
Крыніца: БелТА